Палітзьняволенага інваліда II групы Уладзімера Гундара зьмясьцілі ў ШЫЗА, паведамляе «Вясна». Зь ім няма сувязі ўжо 42 дні.
Горадзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў вырак палітвязьню бязь зьменаў — 20 гадоў калёніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калёнію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканьне зь ім, але яна не пасьпела трапіць на яго з прычыны надта хуткага этапу.
Па прыбыцьці ў калёнію Ўладзімера некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Паводле «Берасцейскай Вясны», апошні раз ён патэлефанаваў родным 3 жніўня з калёніі, а з таго часу ні званкоў, ні лістоў не было.
Цяпер паведамляецца, што ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Пэўна, туды яго зьмясьцілі яшчэ 3 жніўня.
- Уладзімер Гундар — фігурант так званай «справы аб тэрарызьме», у якой таксама асудзілі прадпрымальніка і праваабаронцу з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Гундара палітвязьнем.
- Мужчына мае інваліднасьць праз адсутнасьць адной нагі.