Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не перажывайце за мяне». Расказваем пра навіны ад Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў ягонай справы


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Палітвязьня павінны этапаваць з Горадні ў месца адбыцьця пакараньня. Родныя мяркуюць, што гэта можа быць Жодзінская турма.

Апошняй навіной пра Мікалая Аўтуховіча, якая трапіла ў СМІ, былі зьвесткі пра ўступленьне ў сілу вынесенага яму прысуду. Паводле аднаго з сваякоў Аўтуховіча, зь якім пагаварыла Свабода, для адбыцьця пакараньня палітвязьня могуць накіраваць у Жодзінскую турму, аднак нядаўна Мікалай яшчэ знаходзіўся ў горадзенскай вязьніцы.

«Апошні ліст ён адправіў 17 красавіка. Напісаў тады, што яшчэ ў турме Горадні. Дадаў, што ў яго „ўсё нармальна“ і што ён гатовы да новага этапу выпрабаваньняў у сваім жыцьці», — паведаміў у размове са Свабодай сваяк Аўтуховіча.

Публікуем вытрымку зь ліста Мікалая Аўтуховіча, якая ёсьць у рэдакцыі.

«Не перажывайце за мяне. Такая мая доля, такі мой шлях у гэтым жыцьці. Справядлівасьць для мяне ёсьць грунтам любога дабрабыту. Буду заканчваць, каб пасьпець укінуць ліст сёньня. Усім прывітаньне і вялікі дзякуй, што клапаціліся пра мяне ўвесь гэты час. Зараз пачнецца наступны этап выпрабаваньняў», — напісаў Аўтуховіч з Горадзенскай турмы.

У другой частцы ліста вязень падзякаваў людзям, якія яму дапамагаюць.

«Зараз, дзякуючы агульнай падтрымцы, я маю ўсё неабходнае. Вельмі шмат каму я хацеў бы сказаць словы ўдзячнасьці, але пакуль зрабіць гэта не магу».

Мікалай Аўтуховіч у 2014 годзе ўжо сядзеў у горадзенскай турме, калі адбываў пяцігадовы тэрмін за нібыта незаконныя дзеяньні са зброяй. Па яго словах, з таго часу ў сыстэме шмат што зьмянілася.

«Піша, што ўсё нібыта нармальна, але гэтак ён пісаў і тады, калі насамрэч быў у дрэнным стане. Вядома, што яму патрэбныя пэўныя лекі, але іх нельга трымаць у камэры, і праз гэта шмат цяжкасьцяў. Таксама непакоімся, што далей і гэтага можа ня быць, бо ў турме, куды яго хутка павязуць, умовы і нормы перадачаў будуць яшчэ горшыя», — расказаў сваяк Мікалая Аўтуховіча пра яго стан.

У кастрычніку 2022 году Гарадзенскі абласны суд асудзіў Мікалая Аўтуховіча на 25 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкуламі пра тэрарызм, здраду дзяржаве і заклікі да санкцый. Віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаваў.

«Настойвае на сваёй невінаватасьці»

Па справе Мікалая Аўтуховіча былі асуджаныя яшчэ 11 чалавек, сярод якіх былая актывістка АГП Вольга Маёрава. Яе асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, у тым ліку за ўдзел у злачыннай арганізацыі і заклікі да санкцый. Сваяк Маёравай у размове са Свабодай паведаміў, што ліставаньне зь ёю па-ранейшаму адбываецца зь вялікімі перапынкамі.

«Некаторыя лісты не даходзяць, што бачна са зьместу наступных. Няма адказу на пытаньні ці ўзьнікаюць несупадзеньні», — патлумачыў сваяк асуджанай.

Паводле суразмоўцы, апошні ліст ад Вольгі Маёравай прыходзіў на пачатку вясны. Зь яго вынікала, што палітзьняволеная ведала, куды яе адправяць адбываць пакараньне — у Гомельскую жаночую калёнію. Але ці адбылося ўжо гэта, зьвестак пакуль няма.

«У яе зьявіліся праблемы са здароўем, таму трэба скарэктаваць харчаваньне. Дзеля гэтага рэгулярна пасылаю ёй харчовыя пасылкі і ведаю, што яны даходзяць. Водгук такі, што гэта карысна і патрэбна. 31 сакавіка Вярхоўны суд разглядаў апэляцыю, фактычна ўсім прысуд пакінулі бязь зьменаў, ва ўсякім разе, тэрміны засталіся тыя ж велізарныя. Што яна пра гэта кажа? Невядома, але дакладна, што яна так і не прызнала віну, настойвае на сваёй невінаватасьці», — паведаміў сваяк Вольгі Маёравай.

Працэс над «групай Аўтуховіча» доўжыўся 5 месяцаў. Некаторыя абвінавачаныя ў судзе заявілі пра зьбіцьцё і катаваньні, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня.

«Быў пэрыяд, калі Вольгу раз за разам кідалі ў карцар. Толькі выйдзе — зноў пакараньне карцарам, і гэтак некалькі разоў. А бывала, што безь перапынку сядзела і месяц у карцары. Але цяпер пра такое не паведамляе, таму ёсьць надзея, што ёй сядзіцца крыху лепш, хоць асабліва на паляпшэньне ўмоваў не разьлічваем. Турма ёсьць турма. Можа што зьменіцца толькі ў калёніі. Паглядзім», — сказаў сваяк Вольгі Маёравай.

«На мыліцах яму зручней, чым з пратэзам»

Сярод фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча таксама літаратар і грамадзкі актывіст з Баранавічаў Уладзімер Гундар, якога асудзілі спачатку на 18 гадоў зьняволеньня, але ўжо пасьля працэсу ў Горадзенскім абласным судзе дадалі яшчэ 2,5 года. Гундар — інвалід, у яго няма адной нагі. Сваякі, зь якімі ўдалося пагаварыць, згадалі падзеі, якія спрычыніліся да новага працэсу паводле абвінавачаньня ў зьнявазе супрацоўніка пракуратуры.

«Канваіры прынесьлі Ўладзімера ў суд разьдзетага, без кашулі, і зьмясьцілі ў жалезную клетку ды прыкавалі кайданкамі да прутоў. Ён пратэставаў супраць суду, адмаўляўся ў ім удзельнічаць. І яго абурыла, што пракурор глядзела на тое, як зьдзекуюцца з інваліда, але нічога не рабіла, не спыніла канваіраў. Ён даволі рэзка выказаўся на яе адрас, і за гэта яму далі новы тэрмін. Цяпер агулам мае 20 гадоў», — расказаў Свабодзе сваяк Гундара.

Паводле суразмоўцы, Гундар па-ранейшаму моцны духам і ня скардзіцца. За кратамі палітвязень шмат чытае, вывучае Біблію.

«Запісвае свае думкі адносна прачытанага і дасылае іх у лістах, называе гэтыя запісы «складанкамі», — кажа суразмоўца.

Паводле суразмоўцы, у турме Ўладзімер Гундар не карыстаецца пратэзам, перасоўваецца пераважна на мыліцах.

«Яму гэтак зручней. Было спатканьне, і ён казаў, што адчувае сябе лепш. І сапраўды выглядаў бадзёра, ня так, як падчас суду. Тады ён двойчы трымаў галадоўку, адзін раз галадаваў „на сухую“ ажно 11 дзён, моцна схуднеў і выглядаў вельмі слабым. А цяпер яму лепей. У камэры зь ім яшчэ тры вязьні, усе цікавыя людзі, ёсьць што абмеркаваць, а гэтак час ідзе хутчэй. Але хутка яго мусяць этапаваць, вось толькі куды — пакуль нам невядома. Можа ўжо адправілі куды, толькі нам яшчэ нічога ня кажуць», — расказалі Свабодзе сваякі Ўладзімера Гундара.

Паводле праваабаронцаў, з 12 фігурантаў справы аб «тэрарыстычнай групоўцы Аўтуховіча» віну цалкам прызналі толькі два абвінавачаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG