Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля тэлефоннай размовы ноччу спаў як забіты». Што новага ў фігурантаў справы Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава. Каляж
Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава. Каляж

Абвінавачаныя па справе аб тэрактах, да якіх нібыта рыхтаваўся Мікалай Аўтуховіч з саўдзельнікамі, знаходзяцца ў розных вязьніцах Беларусі. Сам Аўтуховіч — у горадзенскай турме, Уладзімер Гундар — у бабруйскай калёніі, Вольга Маёрава — у гомельскай жаночай калёніі.

Упершыню за час утрыманьня ў горадзенскай турме Мікалаю Аўтуховічу дазволілі зрабіць тэлефонны званок сваякам. Палітвязень пазваніў сваёй дачцэ і нават чуў голас унука, зь якім ня бачыўся ўжо чатыры гады. Гэтая размова вельмі ўзрушыла Мікалая Аўтуховіча, пра што ён напісаў у лісьце сваякам.

«Далі пагаварыць толькі 10 хвілін, матывуючы тым, што гэта першы званок. Я пачуў голас дачкі і ўнука! Вельмі даўно я іх ня чуў і ня бачыў. Я разгубіўся, нешта плянаваў раней сказаць Кацюшы, а пачуў іх галасы, і ўсё вылецела з галавы. Даніэль мне нешта казаў, я дакладна чуў, што назваў мяне дзедам», — напісаў у лісьце Мікалай Аўтуховіч.

У допісе вязень не хавае, як расчуліўся пасьля размовы, і адзначыў, што гэта дзіўным чынам падзейнічала на ягоны псыхалягічны стан. «Пасьля тэлефоннай размовы ноччу спаў як забіты», — напісаў Аўтуховіч.

Мікалая Аўтуховіча, які прызнаны вінаватым у тэрарызьме ды здрадзе дзяржаве і асуджаны на 25 гадоў вязьніцы, трымаюць у адзіночцы. Раз на дзень яго выводзяць на прагулкі, але фактычна гэта ўсе яго кантакты з вонкавым сьветам.

Апошні ліст Мікалая Аўтуховіча з горадзенскай калёніі
Апошні ліст Мікалая Аўтуховіча з горадзенскай калёніі

Пра здароўе Аўтуховіча ягоным сваякам вядома, што ў яго пагоршыўся зрок, ёсьць іншыя праблемы. Каб гэтыя праблемы вырашыць ва ўмовах турмы, трэба прыкладаць вельмі шмат дадатковых намаганьняў.

«Толькі нядаўна яму перадалі вітаміны, якія дасылалі яшчэ ў лютым», — кажа сваячка Мікалая Аўтуховіча.

Зь яе слоў, на харчаваньне палітвязень асабліва ня скардзіцца, але адзначае, што стравы яму даюць «толькі ў вараным выглядзе, безь зеляніны, вітамінаў не хапае». Мікалаю Аўтуховічу дазволена набываць некаторыя харчы ў турэмнай краме, але толькі ў межах адной базавай велічыні — гэта 37 рублёў. Грошы на рахунак палітвязьню, былому пасьпяховаму прадпрымальніку, дасылае ягоная маці, якой 84 гады.

У жніўні Мікалая Аўтуховіча ў вязьніцы наведала адвакатка. «Сказала, што выглядае адносна добра, наколькі гэта магчыма ў тых умовах», — пераказваюць сваякі яе словы

«Ужо больш за 50 дзён няма лістоў. Сядзіць у ШЫЗА»

Ад фігуранта той жа справы аб тэрарызьме, краязнаўцы з Баранавічаў Уладзімера Гундара апошнія весткі паступалі яшчэ на пачатку жніўня. Трэцяга жніўня быў тэлефонны званок, да гэтага прыходзілі лісты.

«З таго часу больш нічога, ані званкоў, ані лістоў. Па нашых зьвестках, зноў сядзіць у ШЫЗА (штрафным ізалятары. — РС)», — расказала сваячка Ўладзімера Гундара.

Палітвязень ня мае адной нагі, у калёніі карыстаецца мыліцамі, бо пратэз насіць яму так і не дазволілі.

«Калі сядзіць у ШЫЗА, дык пратэз непатрэбны, усё роўна немагчыма нікуды хадзіць. Але вядома, што там вязьні хоць па камэры туды-сюды перасоўваюцца. А яму і гэта цяжка», — адзначае сваячка палітвязьня.

Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Яго асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама як з Гундарам, са жніўня зьнікла сувязь з былой актывісткай АГП Вольгай Маёравай, якую трымаюць у гомельскай жаночай калёніі. У траўні Вольга Маёрава ўжо была ў ШЫЗА, потым выйшла і нават пачала працаваць. Што зь ёю зноў здарылася, сваякі ня ведаюць, але мяркуюць, што яна трапіла ў ШЫЗА, бо раней рэгулярна дасылала лісты.

«Пра Вольгу нічога незразумела, што зь ёю. На звароты адносна яе ніякага адказу ня маем. Затое прыйшоў ліст адносна яе менскай кватэры — нельга прадаваць і рэгістраваць. Што да спаганяньня грошай, дык сыстэма працуе, пра гэта паклапаціліся, а вось што з чалавекам адбываецца, паведаміць ня хочуць», — адзначаюць сваякі Вольгі Маёравай.

Актывістку асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, у тым ліку за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «заклікі да санкцый». Віны Вольга Маёрава не прызнала, як і Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Гундар.

Беларускія праваабаронцы лічаць Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Гундара і Вольгу Маёраву палітвязьнямі.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG