Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Карабаху ў Армэнію вымушана зьехалі больш за 76 тысяч этнічных армян


Грузавік з уцекачамі з Нагорнага Карабаху. Армэнія, 28 верасьня 2023 году
Грузавік з уцекачамі з Нагорнага Карабаху. Армэнія, 28 верасьня 2023 году

У Армэнію пасьля правядзеньня Азэрбайджанам 19 верасьня ваеннай апэрацыі прыбылі ўжо больш за 76 тысяч уцекачоў з самаабвешчанага Нагорнага Карабаху.

На 20:00 28 верасьня у Армэнію прыбылі 76 407 вымушаных перасяленцаў з Нагорнага Карабаху, паведаміла прэс-сакратарка прэм'ер-міністра Армэніі Назэлі Багдасар’ян.

Паводле ранейшых афіцыйных зьвестак, рэгістрацыю ў Армэніі атрымалі амаль 51 тысяча ўцекачоў. Зь іх жыльлём забясьпечаныя каля 14 тысяч чалавек.

Паводле зьвестак Ерэвану, у непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспубліцы жылі 120 тысяч этнічных армян. Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў 28 верасьня, што ў найбліжэйшыя дні ў рэгіёне не застанецца армянскага насельніцтва, і назваў вымушаны масавы адʼезд жыхароў «этнічнай чысткай» і «дэпартацыяй».

Заяву Пашыньяна раскрытыкаваў МЗС Азэрбайджану. У заяве замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што словы прэмʼера Армэніі падрываюць пэрспэктыву дасягненьня міру паміж Баку і Ерэванам.

У Баку назвалі масавы адʼезд армян асабістай справай жыхароў і паведамілі, што заклікаюць армянскае насельніцтва не пакідаць месца жыхарства ў Карабаху і «стаць часткай шматэтнічнага азэрбайджанскага грамадзтва».

  • Масавы адʼезд армянаў з Нагорнага Карабаху пачаўся пасьля ваеннай апэрацыі азэрбайджанскага войска 19 верасьня. Баку перад пачаткам баявых дзеяньняў абвінаваціў праармянскія сілы ў тэрактах і рэгулярных абстрэлах азэрбайджанскіх пазыцыяў. Праз содні ўлады непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі капітулявалі на ўмовах Баку. Азэрбайджанскія ўлады пры гэтым паабяцалі поўнае захаваньне правоў і рэінтэграцыю жыхароў, якія вырашаць застацца ў Карабаху.
  • 28 верасьня кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі Самвэл Шахраманьян падпісаў указ аб спыненьні яе існаваньня зь 1 студзеня 2024 году.
  • Тэрыторыя Карабаху паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складаюць этнічныя армяне. З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну. Прадстаўнікі армянскай супольнасьці абвясьцілі незалежную рэспубліку, якую не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія. Вярнуць кантроль над часткай рэгіёну Азэрбайджану ўдалося тры гады таму ў выніку 44-дзённай вайны, але мірную дамову бакі дагэтуль не падпісалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG