Прэзыдэнт Рэспублікі Арцах (Нагорна-Карабаскай рэспублікі) Самвэл Шахраманьян падпісаў указ «аб дзеяньнях, якія вынікаюць з сытуацыі, якая склалася пасьля 19 верасьня 2023 году».
Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода, згодна з указам, распускаюцца ўсе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў іхным ведамасным падпарадкаваньні да 1 студзеня 2024 году, а Рэспубліка Нагорны Карабах (Арцах) спыняе сваё існаваньне.
У дакумэнце адзначаецца, што такое рашэньне ўхвалена, «улічваючы дамоўленасьць, дасягнутую пры пасярэдніцтве камандаваньня расейскага міратворчага кантынгенту з прадстаўнікамі Азэрбайджанскай Рэспублікі». Гэтыя дамоўленасьці прадугледжваюць таксама забесьпячэньне свабоднага, добраахвотнага і бесьперашкоднага праезду жыхароў Нагорнага Карабаху, у тым ліку і вайскоўцаў, якія склалі зброю, са сваёй маёмасьцю на іхных транспартных сродках па Лачынскім калідоры.
Ерэван заявіў аб перамяшчэньні на сваю тэрыторыю больш як паловы жыхароў Карабаху
Урад Армэніі заявіў, што на раніцу 28 верасьня з тэрыторыі Нагорнага Карабаху вымушана выехалі 65 036 грамадзян, што перавышае палову ад усёй колькасьці насельніцтва рэгіёну.
Як паведаміла армянскае дзяржаўнае агенцтва ArmenPress, у ноч на 28 верасьня ў Армэнію перавезьлі 25 пацыентаў, якія знаходзіліся на лячэньні ў Цэнтры псыхічнага здароўя Нагорнага Карабаху.
У Баку прымаюць амэрыканскую дэлегацыю
Улады Азэрбайджану заявілі, што яны робяць усе захады для вырашэньня сацыяльных, гуманітарных, эканамічных і інфраструктурных пытаньняў у Карабаскім раёне. Увечары 27 верасьня яны накіравалі яшчэ адзін гуманітарны груз з аўтамабільным палівам для пажарных і мэдычных службаў.
Азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва АЗЕРТАДЖ паведаміла, што ўвечары адбылася сустрэча прэзыдэнта Ільхама Аліева з дэлегацыяй ЗША, якую прадстаўлялі кіраўніца Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID) Саманта Паўэр, памочніца дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Юры Кім і старшы дарадца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў перамовах на Каўказе Луі Бона.
Паводле азэрбайджанскага боку, на сустрэчы адбыўся абмен думкамі аб цяперашняй сытуацыі, якая склалася ў выніку антытэрарыстычных мерапрыемстваў Азэрбайджану ў Карабаскім раёне.
Джэсіка Джэнінгс, прэсавая сакратарка Саманты Паўэр, паведаміла, што на сустрэчы абмяркоўвалася неабходнасьць забесьпячэньня бесьперашкоднага доступу гуманітарнай дапамогі ў Нагорны Карабах, у тым ліку для тых, хто затрымаўся ў Лачынскім калідоры, і тэрміновы доступ гуманітарных груп на гэтыя тэрыторыі.
Апроч таго, у часе сустрэчы з Ільхамам Аліевым падкрэсьлілі неабходнасьць прысутнасьці ў рэгіёне міжнародных назіральнікаў за выкананьнем правоў этнічных армян і аховы іхных культурных і рэлігійных аб’ектаў.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».