Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паведамілі аб гібелі ў Карабаху намесьніка камандзіра расейскага міратворчага кантынгенту


Намесьнік камандзіра расейскага міратворчага кантынгенту, намесьнік камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флёту Іван Коўган. Архіўнае фота
Намесьнік камандзіра расейскага міратворчага кантынгенту, намесьнік камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флёту Іван Коўган. Архіўнае фота

Загінуламу капітану першага рангу (адпавядае званьню палкоўніка) было 52 гады.

У выніку азэрбайджанскага абстрэлу Нагорнага Карабаху 20 верасьня загінуў намесьнік камандзіра расейскага міратворчага кантынгенту, намесьнік камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флёту Іван Коўган.

Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, загінуламу капітану першага рангу (адпавядае званьню палкоўніка) было 52 гады.

Афіцыйныя асобы гэтай інфармацыі не пацьвердзілі. Але вядома, што тэму гібелі расейскіх міратворцаў абмяркоўвалі ў часе сваёй тэлефоннай размовы прэзыдэнты Расеі і Азэрбайджану Ўладзімір Пуцін і Ільхам Аліеў.

Як паведаміла прэсавая служба азэрбайджанскага прэзыдэнта, Ільхам Аліеў папрасіў прабачэньня і выказаў глыбокае спачуваньне ў сувязі з гібельлю расейскіх міратворцаў. Прэзыдэнт Азэрбайджану паабяцаў Пуціну правесьці пільнае расьсьледаваньне і пакараць вінаватых. Ільхам Аліеў таксама заявіў аб гатоўнасьці аказаць матэрыяльную дапамогу сем’ям загінулых расейцаў.

20 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ў Нагорным Карабаху са стралковай зброі абстралялі аўтамабіль з расейскімі міратворцамі; усе вайскоўцы, якія былі ў аўтамабілі, загінулі.

Гэта адбылося ў раёне вёскі Джанятаг (арм. Чанкатаг), калі расейскія міратворцы вярталіся з назіральнага пункту, удакладнілі ў ведамстве. Цяпер на месцы працуюць расейскія і азэрбайджанскія сьледчыя.

Пазьней расейскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы ў сілавых структурах Расеі паведамілі аб адхіленьні ад пасады камандзіра азэрбайджанскага падразьдзелу, які нібыта датычны да абстрэлу расейцаў, і аб затрыманьні вайскоўцаў, якіх падазраюць у датычнасьці да гібелі расейскіх міратворцаў.

У азэрбайджанскіх СМІ гэтая інфармацыя пакуль адсутнічае.

  • 19 верасьня Азэрбайджан аб'явіў пра пачатак «антытэрарыстычных захадаў» у раёнах Нагорнага Карабаху, населеных этнічнымі армянамі. Армія абароны Нагорнага Карабаху (вайсковая структура, якая дзейнічае ў непрызнанай «Нагорна-Карабаскай рэспубліцы») паведаміла, што 19 верасьня каля 11:10 азэрбайджанскія вайскоўцы парушылі рэжым спыненьня агню ў Аскеранскім раёне, ужыўшы мінамёт. Адразу пасьля гэтага жыхары армянскіх раёнаў Карабаху пачалі паведамляць пра моцныя абстрэлы з артылерыі.
  • Баку заявіў, што гэтая апэрацыя — адказ на дывэрсію, якую нібыта ўчынілі карабаскія вайскоўцы, заклаўшы на аўтадарозе супрацьтанкавую міну, у выніку чаго загінулі двое цывільных. Армія абароны Нагорнага Карабаху заявіла, што заявы Баку — «чарговая дэзынфармацыя».
  • У сераду 20 верасьня ўлады Нагорнага Карабаху прынялі рашэньне спыніць агонь. Міністэрства абароны Азэрбайджану пацьвердзіла, што «дасягнутая дамоўленасьць аб прыпыненьні антытэрарыстычных захадаў» у Карабаху і што гэта нібыта зроблена пасьля «звароту прадстаўнікоў армянскіх жыхароў, які паступіў праз расейскі міратворчы кантынгент».
  • У выніку абвастрэньня канфлікту ў Нагорным Карабаху загінулі сама меней 200 чалавек, у тым ліку 10 мірных жыхароў (сярод іх 5 дзяцей). Яшчэ больш за 400 чалавек параненыя, сярод іх звыш 40 чалавек — мірнае насельніцтва, заявіў увечары 20 верасьня амбудсмэн непрызнанай рэспублікі Гегам Сьцепанян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG