У Міжнародным судзе ААН у Гаазе працягваюцца публічныя слуханьні папярэдніх пярэчаньняў, якія Расея выставіла супраць абвінавачаньняў у генацыдзе.
Як паведаміла агенцтва Укрінформ, 20 верасьня ў судзе выступаюць 32 дзяржавы, якія далучыліся да справы: 26 краін Эўразьвязу (апроч Вугоршчыны), Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя, Нарвэгія, Ліхтэнштайн і Вялікая Брытанія. Большасьць іх матывавала гэта тым, што яны падпісалі Канвэнцыю аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньня за яго.
У выступах прадстаўнікі дзяржаваў выкладалі сваё бачаньне справы і спасылаліся на адпаведныя артыкулы канвэнцыі, што тычацца падзеяў ва Ўкраіне.
Слуханьні 18 верасьня адкрыла Расея. Яе прадстаўнік Генадзій Кузьмін абвінаваціў Украіну ў нацызьме, украінскую ўладу назваў «кіеўскім рэжымам», які «прыдушвае расейскамоўнае насельніцтва». Прадстаўнік Расеі таксама заявіў, што Міжнародны суд ААН ня мае юрысдыкцыі ў справе аб генацыдзе.
«Расейская Фэдэрацыя ёсьць найбольшым парушальнікам міжнароднага права ХХІ стагодзьдзя, і вельмі важна, каб гэты тэзіс гучаў ня толькі з вуснаў грамадзян Украіны, а і каб яго пацьвярджалі міжнародныя суды. І безумоўна, гэта будзе азначаць, што Расея парушыла адну з ключавых міжнародных дамоваў, асноўных для сучаснай сыстэмы абароны правоў чалавека; што Расея павінна плаціць рэпарацыі; што Расея пагарджала і маніпулявала сучасным міжнародным правам, каб апраўдаць сваё злачыннае поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны», — заявіў прадстаўнік Украіны Антон Карыневіч, камэнтуючы выступ Расеі ў судзе.
Слуханьні працягнуцца да 27 верасьня. У пазове супраць Расеі Ўкраіна патрабуе таксама прыцягнуць Расею да адказнасьці за скажэньне паняцьця генацыду.
У пачатку верасьня кіраўнік Камісіі расьсьледаваньня злачынстваў ва Ўкраіне ААН Эрык Мёзэ заявіў, што ў ААН па-ранейшаму «няма дастатковых доказаў для выкананьня праўных патрабаваньняў Канвэнцыі аб папярэджаньні злачынстваў генацыду і пакараньні за яго». У Кіеве гэтую думку раскрытыкавалі.
Калі суд ААН вызначыцца зь юрысдыкцыяй справы, то слуханьне істоты справы павінна адбыцца не раней за наступны год і можа зацягнуцца на гады.
У чэрвені Міжнародны суд ААН у Гаазе правёў слуханьні яшчэ аднаго пазову Ўкраіны супраць Расеі ў справе аб магчымым парушэньні расейскім бокам дзьвюх міжнародных канвэнцыяў: аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Гэты пазоў Украіна падала яшчэ ў 2017 годзе ў сувязі з анэксіяй Расеяй Крыму і ўзброенымі дзеяньнямі на Данбасе.
Міжнародны суд ААН — галоўны судовы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Ён знаходзіцца ў Палацы міру ў Гаазе (Нідэрлянды) і вырашае судовыя спрэчкі паміж дзяржавамі ў адпаведнасьці з міжнародным правам. Расея ў цэлым прызнае яго юрысдыкцыю, але ў асобных выпадках адмаўляе.
Гэты суд ня варта блытаць зь Міжнародным крымінальным судом (МКС), які таксама дзейнічае ў Гаазе, але ня ёсьць органам ААН і не прызнаны Расеяй. Менавіта МКС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.