Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі


Сьцяг Эўразьвязу
Сьцяг Эўразьвязу

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне.

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту адзначаецца, што, «дазволіўшы неапраўданую агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам злачынстваў, што прадугледжвае адказнасьць за разбурэньні і шкоду, прычыненую Ўкраіне».

У сувязі з гэтым эўрадэпутаты лічаць, што спэцыяльны міжнародны трыбунал аб злачынствах Расеі супраць Украіны павінен мець юрысдыкцыю расьсьледаваць ня толькі ўчынкі Пуціна і расейскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, але і беларускага кіраўніцтва. Эўрапарлямэнт заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-удзельніцы «прыняць меры для крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асоб, якія саўдзельнічаюць у злачыннай агрэсіі, ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе супраць Украіны».

Эўрапарлямэнт лічыць рэжым Лукашэнкі датычным да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і лічыць, што «дзеяньні самога Лукашэнкі і яго рэжыму таксама могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасьці ў выглядзе «дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва» паводле Рымскага статуту міжнароднага крымінальнага суду». Эўрапарлямэнт лічыць Лукашэнку такім жа адказным за гэтыя ваенныя злачынствы, як Уладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Бялову, і таму заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець пытаньне аб выдачы аналягічнага міжнароднага ордэра на арышт Лукашэнкі.

Эўрапарлямэнт таксама заклікае ЭЗ знайсьці законныя шляхі для канфіскацыі актываў беларускага кіраўніцтва і зьвязаных зь ім беларускіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у ваенных дзеяньнях Расеі, і, калі магчыма, выкарыстоўваць іх для аднаўленьня Ўкраіны.

Эўрадэпутаты таксама запатрабавалі спыніць у Беларусіі рэпрэсіі супраць іншадумцаў, «вызваліць усіх палітвязьняў і ўсіх адвольна затрыманых асоб, абвясьціць усеагульную амністыю для ўсіх арыштаваных па палітычных матывах ад 2020 году».

  • Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту аб Беларусі была прынятая 13 верасьня ў Страсбуры на падставе дакладу дэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса.
  • Рэзалюцыі Эўрапарлямэнту маюць рэкамэндацыйны характар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG