Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады скасаваць адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. У той жа час яны просяць дзяржавы Эўразьвязу «аказаць падтрымку ўсім, на каго нэгатыўна паўплывала гэтая мера», у тым ліку ў пытаньні афармленьня «часовых дазволаў на паездкі, на жыхарства і іншых неабходных дакумэнтаў», наданьня «гарантый невыдварэньня».
«Тысячы беларускіх праваабаронцаў, сяброў дэмакратычнага апазыцыйнага руху і ўсіх крытыкаў рэжыму Лукашэнкі ў нядаўнім мінулым уцяклі зь Беларусі праз пагрозы і немінучую рызыку судовага перасьледу з боку ўладаў, — гаворыцца ў заяве.
«Патрабаваньне вярнуцца ў Беларусь для атрыманьня дакумэнтаў падвяргае іх рызыцы арышту, затрыманьня або іншых формаў рэпрэсій па вяртаньні. У адваротным выпадку ўсе праціўнікі рэжыму, чый статус ня быў урэгуляваны за мяжой, сутыкнуцца з абмежаваньнямі на паездкі і ўзрослым адміністрацыйным цяжарам па заканчэньні тэрміну дзеяньня іх пашпартоў. Праз новую меру таксама ўзьнікаюць асьцярогі, што ўсе асобы, якія пражываюць за мяжой, будуць разглядацца замежнымі ўладамі як асобы без грамадзянства, калі скончыцца тэрмін дзеяньня іх пашпартоў».
FIDH і «Вясна» падкрэсьліваюць, што ўказ «парушае права на свабоду перамяшчэньня, маёмасныя правы сотняў тысяч беларускіх грамадзян за мяжой, накладаючы дадатковы адміністрацыйны і фінансавы цяжар, зьвязаны зь вяртаньнем у Беларусь для падаўжэньня тэрміну дзеяньня пашпартоў».
Аўтары заявы мяркуюць, што асноўная мэта новаўвядзеньняў, «якія зьяўляюцца адной з шматлікіх рэпрэсіўных мер, што прымяняюцца рэжымам Лукашэнкі супраць апазыцыі», палягае ў «барацьбе з праваабаронцамі і ўсімі актывістамі апазыцыі, якія падвяргаюцца рызыцы перасьледу з боку дзяржавы, апынуўшыся ў Беларусі».
- 7 верасьня набыў моц указ Лукашэнкі ад 4 верасьня № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў». Ён пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Скасавана права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, у тым ліку нерухомасьці і аўтамабіляў. Такія зьдзелкі можна будзе зьдзяйсьняць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржорганы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармляліся ў дыппрадстаўніцтвах).