Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Або вы станеце „Данбасам“, або вы станеце „Літвой“». Інтэрвію зь літоўскім дэпутатам


Дэпутат літоўскага Сейму, кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў замежных справах Жыгімантас Павілёніс у інтэрвію Свабодзе расказаў, чаму беларусам ня варта хвалявацца праз пашпарты, што рабіць падчас акупацыі, а таксама спрагназаваў, калі падуць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі.

Пра пашпарты для беларусаў

Ужо з пачатку 2020-х гадоў мы думалі, што Лукашэнка можа зрабіць такія захады і вас кантраляваць. У нас ёсьць пашпарты замежнікаў, мы будзем іх проста выдаваць вам. Так што ня трэба тут панікі. Я думаю, такім рашэньнем Лукашэнка хоча гэтую паніку стварыць, таму што бачыць, як у некаторых краінах, у Польшчы, напрыклад, паніка зь іншага боку падымаецца — закрыць межы. І ў Літве некаторыя палітыкі пра гэта кажуць. Калі мы ўсе будзем тут адзін аднаго пужаць, гэта тое, што трэба Лукашэнку. Хоць там ужо не Лукашэнка, а Крэмль працуе.

Масква хоча падзяліць нашыя народы

Крэмль заўсёды тут працаваў, падзяляючы народы — «падзяляй і кіруй» (divide and rule) — гэта старая імпэрская практыка падзяляць літоўцаў з палякамі, падзяляць літоўцаў з габрэямі. А цяпер, калі вы сталі вялікім фактарам у Літве і Польшчы, вельмі шмат будзе такіх дэзынфармацый, панікі, каб адзін народ супрацьпаставіць іншаму. Трэба разумець, што гэтыя радыкалы, якія распальваюць гэтую варожасьць, — большасьць зь іх працуе не на інтарэсы нашых краін і нашых народаў.

Рэжыму Лукашэнкі засталося менш за тры гады

Я думаю, што сытуацыя ў Беларусі настолькі кепская, што гэта ўжо агонія рэжыму, таму што мы пачынаем перамагаць на ўкраінска-расейскім фронце. І калі мы добра папрацуем, напрыканцы гэтага году — Украіна і Малдова будуць запрошаныя пачаць перамовы аб уступленьні ў Эўрапейскі Зьвяз. Калі мы яшчэ лепш папрацуем, падчас саміту NATO ў Вашынгтоне ў ліпені наступнага году Ўкраіна будзе запрошаная ў NATO. І калі мы добра папрацуем, і вайсковая дапамога Ўкраіне будзе такая, як мы хочам. Так гэтаму рэжыму прыходзіць канец. Пэсымісты кажуць, што гэта будзе праз тры гады, але я адчуваю, што гэты тэрмін меншы. Таму што калі прыгожыны пачынаюць падаць зь неба, гэта ўжо пачатак канца.

Толькі Эўразьвяз зможа гарантаваць сувэрэнітэт Беларусі

Мы з вамі, маючы стратэгічную цярпімасьць, не распальваючы нацыянальную варожасьць, мы створым нармальную краіну Беларусь, якая для мяне заўсёды была самая эўрапейская. Нарэшце вашыя партыі, Сьвятлана Ціханоўская зразумелі, што адзіны шлях захаваць сувэрэнітэт — гэта жыць з эўрапейскімі народамі, а не з Масквой. І калі вы пойдзеце гэтым шляхам, то мы дапаможам хутка ваш савецкі заапарк адрамантаваць, таму што вы разумныя, вы эўрапейскія, вы цудоўныя. Мы вас ведаем ужо тысячу гадоў.

Пра пашпарт «Новай Беларусі»

Я ня думаю, што могуць быць два пашпарты на адной тэрыторыі. Калі Сьвятлана Ціханоўская пачне выдаваць новы пашпарт для тых, хто жыве тут у Літве, то ствараецца праблема бясьпекі гэтага дакумэнта. Хто будзем ім карыстацца? Ня толькі дысыдэнты, але і кепскія людзі, якія могуць дыскрэдытаваць вас. І гэта таксама можа стварыць нацыянальныя рознагалосьсі, тое, чаго хоча Крэмль. Не на дакумэнты трэба аддаваць сваю энэргію, а на барацьбу з рэжымам, на дапамогу ўкраінцам, каб перамагчы Пуціна. А пакуль тых інструмэнтаў, якія мы маем тут, будзе дастаткова, каб вы мелі ўсе правы жыць у Літве.

Расея хоча зрабіць вас рабамі

Гэты і наступны год — будзе час вялікіх рашэньняў Захаду. Ён пашырае Эўрапейскі Зьвяз і NATO на Ўсход. І можа быць так, што Беларусь застанецца за вялікай кітайскай, расейскай сьцяной на ўсходзе з Расеяй і Кітаем. За свабоду трэба змагацца кожны дзень. Гэта нармальна, што свабоду ў вас забіраюць. У сьвеце існуе вельмі шмат кепскіх людзей і краін. Яны ня любяць вашу свабоду і вашу ідэнтычнасьць, яны хочуць зрабіць вас рабамі. Калі вы ня хочаце быць рабамі, то трэба змагацца як чорт за сваю свабоду. А вы не змагаецеся ў тым сэнсе, як гэта разумеюць літоўцы і ўкраінцы. Вось мы глядзелі на вашую рэвалюцыю, але так і не зразумелі чаму вы ніводнага будынку не ўзялі? Чаму вы не змагаліся з гэтымі сілавікамі? Чаму вы толькі з кветкамі хадзілі? Гэта ж барацьба.

Пра беларускую мову і ідэнтычнасьць

Ёсьць адзін чорт — гэта русыфікацыя. Так трэба зь ім змагацца ўсімі сіламі. Беларуская мова, ня толькі расейская, эўрапеізацыя. Я хачу, каб вы разумелі, што ад Балтыйскага да Чорнага мора — тут крывавыя землі. Мы жывем у агрэсіўнай атмасфэры, мы не Швайцарыя, мы не Нарвэгія. Калі вы хочаце выжыць, то вы павінны ўсё зрабіць, каб стаць эўрапейцамі. Вы ёсьць эўрапейцы, проста гэтую эўрапейскую ідэнтычнасьць Расея ад вас забрала. У мяне ёсьць сябар украінец. Я ведаю, што ён размаўляе па-ўкраінску, я кажу па-расейску, а ён па-ангельску адказвае. Я пытаю:

— Чаму?

— Слухай, Жыгіс, ты пачынаеш адно слова па-расейску, пасьля другое, пасьля трэцяе, а пасьля прыходзяць расейцы і кажуць: трэба абараняць ад фашыстаў-украінцаў, і адбірае тваю краіну.

Гэта такі яд, які ўваходзіць у тваё сэрца і твае мазгі. І таму, як толькі прыйшоў Гарбачоў, то мы яго паслалі, як украінцы той карабель. І немцы, і французы нам казалі: ой, будзьце з гэтым Гарбачовым, ён такі цудоўны. І вось беларусы паверылі гэтаму міту: трэба быць з Расеяй, з СНД. Вы пайшлі ў гэтае г...но, а мы сказалі: ніколі. Мы брытвай адрэзалі. Уся наша палітыка была — адрэзваць сабе брытвай. Вось самае апошняе адрэзалі толькі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

Пра вырашальны год для беларусаў

Гэты год будзе самы галоўны, ці пойдзеце вы ўсе пад Расею і Кітай у прамым сэнсе. Вы будзеце зьнішчаныя, вашая ідэнтычнасьць будзе 100% зьнішчаная. Вы станеце «Данбасам» ці «Асэтыяй» якой-небудзь. Або вы станеце «Літвой». Страх прывядзе толькі да сьмерці, павольнай, але гарантаванай. А барацьба са страхам, з рэжымам прывядзе да некалькіх сьмерцяў, але стварае для большасьці будучыню. Таму, думаю, для вас цяпер як для беларусаў вырашальны момант. Або вы зьнікнеце як народ, або вы, як украінцы, вернеце сваю цудоўную эўрапейскую ідэнтычнасьць, і мы будзем тут у Вільні піць піва разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG