Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дроны атакавалі Кіеў, загінулі тры чалавекі. Над Расеяй зьбілі 59 дронаў


Кіеў падчас атакі. Ілюстрацыйнае фота.
Кіеў падчас атакі. Ілюстрацыйнае фота.

У ноч на 23 сакавіка расейскае войска атакавала бесьпілётнікамі сталіцу Ўкраіны Кіеў. Паводле зьвестак гарадзкой адміністрацыі, тры чалавекі загінулі, у тым ліку пяцігадовае дзіця, яшчэ 10 атрымалі раненьні.

Сярод загінулых бацька і яго маленькая дачка. Самаму малодшаму пацярпеламу — 11 месяцаў. Паветраная трывога працягвалася больш за пяць гадзінаў.

Як паведамляе Нацыянальная паліцыя Ўкраіны, абломкі бесьпілётнікаў упалі ў некалькіх раёнах Кіева: у Падольскім раёне пашкоджаны шматпавярховік, у Дняпроўскай раёне абломкі патрапілі ў дом і ўпалі на нежылое памяшканьне, у Шаўчэнкаўскім раёне пашкоджаныя аўтамабілі, у Галасееўскім раёне абломкі ўпалі на тэрыторыі прамзоны.

У начной справаздачы Службы па надзвычайных сытуацыях Украіны гаварылася аб пажарах, распачатых у выніку нападу. У Дняпроўскім раёне пажар успыхнуў на верхніх паверхах дзевяціпавярховіка, загарэўся дах, загінула жанчына; эвакуявалі 27 чалавек. У Падольскім раёне ўзгараньне таксама адбылося ў жылым доме — на 20 паверсе 25-павярховага будынку.

Уначы расейскае войска атакавала таксама Кіеўскую вобласьць: у некалькіх раёнах пашкоджаны дамы і аўтамабіль, вядома аб двух пацярпелых.

Мінабароны Расеі, у сваю чаргу, заявіла, што ў ноч на нядзелю было зьнішчана 59 украінскіх бесьпілётнікаў над шасьцю расейскімі рэгіёнамі, а таксама над анэксаваным Крымам. Большая частка была зьбіта над Растоўскай вобласьцю.

Там за ноч было зьнішчана і перахоплена 29 дронов, 20 бесьпілётнікаў нэўтралізавалі ў Астраханскай вобласьці. Таксама ведамства паведаміла аб зьнішчэньні дронаў над Валгаградзкай, Варонескай, Курскай, Саратаўскай абласьцямі і анэксаваным Крымам.

Паводле інфармацыі часовага выканаўцы абавязкаў губэрнатара Растоўскай вобласьці Юрыя Слюсара, на трасе Марозаўск-Цымлянск з прычыны атакі бесьпілётніка загарэўся аўтамабіль, загінуў адзін чалавек.

Губэрнатар Астраханскай вобласьці Ігар Бабушкін паведаміў, што пры падзеньні абломкаў бесьпілётнікаў пашкоджаны жылы будынак і аўтамабіль. Атакавалі, паводле яго слоў, паўночную частку рэгіёну. Аб зьнішчэньні дронаў сродкамі СПА ў тэлеграм-канале паведамляла адміністрацыя Ахтубінскага раёна.

Расавіяцыя аб’яўляла аб прыпыненьні на некаторы час прыёму і адпраўкі рэйсаў у аэрапортах Валгаграда і Саратава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG