Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Беларусь часта забываюць у навінах на фоне жорсткай вайны ва Ўкраіне». Кансэрватыўная партыя Нарвэгіі ўзнагародзіла Ціханоўскую прэміяй

«Беларусь часта забываюць у навінах на фоне жорсткай вайны ва Ўкраіне». Кансэрватыўная партыя Нарвэгіі ўзнагародзіла Ціханоўскую прэміяй


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

Кансэрватыўная партыя Нарвэгіі (Høyre) на зьездзе 22 сакавіка ўзнагародзіла прэміяй імя Сьюра Ліндэбрэке ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлану Ціханоўскую, вынікае з паведамленьня на партыйным сайце.

Адзначаецца, што яе кандыдатуру падтрымаў незалежны камітэт пад старшынствам палітоляга, пісьменьніцы і палітыка Янэ Хааланд Матлары. «Сьвятлана Ціханоўская вядзе сьмелую барацьбу за дэмакратыю. Беларусь часта забываюць у навінах на фоне жорсткай вайны ва Ўкраіне. Ціханоўская заслугоўвае прызнаньня за сваё лідэрства і трываласьць», — падкрэсьліла Матлары.

Лідарка Høyre Эрна Сульберг (прэм’ер-міністарка Нарвэгіі ў 2013–2021 гадах) заявіла, што прэмія служыць прызнаньнем працы Ціханоўскай і яе калегаў «у імя дэмакратычнай будучыні Беларусі». Паводле словаў палітыка, Ціханоўская «штодня плаціць высокую асабістую цану, паколькі ўлады Беларусі пазбаўляюць яе мужа кантактаў з вонкавым сьветам», а таксама нагадвае, «якую пагрозу рэжым Пуціна прадстаўляе для міру і свабоды ва ўсёй Эўропе».

Грашовая частка прэміі складае 50.000 нарвэскіх крон (каля 4.750 даляраў). Гэтыя сродкі будуць накіраваныя «на працу офіса Ціханоўскай па падтрымцы дэмакратыі і палітычных зьняволеных у Беларусі».

Паводле інфармацыі яе прэс-службы, Ціханоўская падзякавала Høyre у відэазвароце да ўдзельнікаў зьезда, падкрэсьліўшы, што гэтая ўзнагарода ня толькі для яе.

«Яна належыць усім дзяўчатам, усім палітычным зьняволеным, якія адмаўляюцца здавацца, усім журналістам, якія рызыкуюць усім, каб расказаць праўду. Шмат каго прысудзілі да дзясяткаў гадоў пазбаўленьня волі толькі за тое, што яны адважыліся выказацца», — заявіла лідэрка.

Ціханоўская таксама адзначыла, што Беларусь «па-ранейшаму мае патрэбу ва ўвазе Захаду».

  • У 2007 годзе прэміяй Ліндэбреке былі ўзнагароджаныя Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя (абедзве дэ-юрэ ліквідаваныя ўлетку 2023 года ў выніку праведзенай рэжымам Аляксандра Лукашэнкі зачысткі палітычнага поля краіны).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG