Доля ІТ-сэктара ў ВУП Беларусі працягвае зьніжацца: падзеньне да 4,7%, хоць годам раней было 5,7%. Гэта вынікае са зборніка Белстату «Інфармацыйнае грамадзтва ў Рэспубліцы Беларусь».
Яшчэ ў 2019 годзе беларускія ўлады фантазіявалі, што доля ІТ у беларускім ВУП будзе складаць 7,5% да 2025 году. У 2019 яна была вышэйшая за 6%.
Пасьля палітычны крызіс і пачатак вайны паспрыялі рэлякацыі зь Беларусі шматлікіх кампаній і спэцыялістаў. Часткова ці цалкам сышлі такія гіганты, як Epam, WarGaming ды іншыя.
Што з кампаніямі і кадрамі
Згодна са статыстыкай Белстату, кампаній у ІТ-сэктары стала больш. На канец 2022 году іх было 5437 — гэта на 25 болей, чым у 2021-м, і на 235 болей, чым у дакрызісным 2019 годзе. Але такі рост колькасьці ўдзельнікаў не азначае павелічэньня якасных паказчыкаў.
За той жа год чысты адток кадраў з ІТ склаў 17 тысяч чалавек. Таксама ўпалі інвэстыцыі ў ІТ — мінус 125 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцый з 2021 па 2022 год.
Чаму ў статыстыцы колькасьць кампаній расьце, добра бачна на прыкладзе колішняга гонару беларускіх уладаў — Парку высокіх тэхналёгій. Толькі за гэты год у ПВТ прынялі больш за 60 новых кампаній. Частка зь іх — гэта кампаніі з капіталам з Малдовы і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У ПВТ узялі таксама аднаго ІП-шніка. Пры гэтым больш за 100 кампаній сёлета з Парку выйшлі.
Як справы ў галоўнага ІТ-хаба Беларусі, бачна і па колькасьці вакансій. Выданьне Dev.by піша пра антырэкорд ад рэзыдэнтаў ПВТ у красавіку: 819 актыўных вакансій. Напрыклад, у верасьні 2021 году такіх вакансій было ў 12 разоў болей.
У жніўні стала вядома, што ПВТ узначаліў былы супрацоўнік КДБ Аляксандар Базанаў. Зь лістапада 2010 году ён працаваў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі Лукашэнкі. Раней, з 2017 году, Паркам высокіх тэхналёгій кіраваў Ўсевалад Янчэўскі, які на гэтай пасадзе замяніў Валерыя Цапкалу.
Заробкі не растуць, цяжка знайсьці працу
Супрацоўнікі ІТ-сфэры, якія застаюцца ў Беларусі, кажуць, што «цяпер заробкі павышаюць вельмі рэдка». Проста па-ранейшаму застаецца прывязка заробку да курса замежнай валюты.
Па словах крыніцаў, у кампаніях ёсьць «цякучка кадраў», але рэлякацыю «цяпер прапануюць рэдка». Замежныя офісы беларускіх кампаній проста шукаюць супрацоўнікаў адразу за мяжой.
Некалькі чалавек расказалі пра цяжкасьці з пошукам працы. Нават зь вялікім стажам (10 і больш гадоў) нешта адшукаць робіцца складана. Яшчэ цяжэй тым, хто вырашыў «зайсьці ў ІТ» нядаўна. Працы зусім няма, толькі калі разглядаць рэлякацыю і добра ведаць ангельскую мову.
Што з заробкамі
Згодна з дадзенымі Белстату, за ліпень сярэдні заробак у ІТ-спэцыялістаў быў 6,6 тысячы рублёў. Апошнія тры месяцы сярэдні заробак у ІТ вагаецца паміж 6540–6600 рублёў. У рублях заробак паказвае рост у параўнаньні зь мінулым года, а вось у далярах — не.
За сем месяцаў гэтага году сумарны сярэдні заробак у ІТ склаў 2285 даляраў. У параўнаньні з такім жа пэрыядам летась ён зьнізіўся на 10%.