Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі паставілі на паўзу». Эканамістка пра санкцыі і ад’езд спэцыялістаў


Экспэртка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна, каляж
Экспэртка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна, каляж

Ці ўдалося зьвесьці да мінімуму ўплыў заходніх санкцый на эканоміку Беларусі? Пра што сьведчыць тое, што ў Браслаўскім раёне кожнага дзясятага жыхара запісалі ў «дармаеды»? На гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium адказала экспэртка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

Прапануем вашай увазе асноўныя тэзісы экспэрткі.

  • Урад і Нацыянальны банк сапраўды намагаліся мінімізаваць наступствы ад санкцыяў для эканомікі Беларусі. Наступствы, вядома ж, ёсьць — значнае зьніжэньне ВУП, скарачэньне IT-сэктару, праблемы ў зьнешнім гандлі, зьніжэньне рэальных заробкаў беларусаў. Але калі б урад нічога не рабіў, гэтыя праблемы маглі б быць яшчэ большымі.
  • Пра гэта сьведчаць папярэднія прагнозы міжнародных фінансавых арганізацый. Да прыкладу, Сусьветны банк яшчэ ў сярэдзіне 2022 году прагназаваў, што ВУП Беларусі можа ўпасьці на 6,5%. І фактычна ў 2022 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 4,7%.
  • Паводле афіцыйнага прагнозу, сёлета ВУП Беларусі павінен павялічыцца больш як на 3%. Пры гэтым рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе спад на 1,3%. Варыянт ураду аптымістычны — з улікам росту інвэстыцый, які яны заклалі ў пляны. Але Сусьветны банк таксама прагназуе невялікае павелічэньне ВУП.
  • У нейкай ступені эканоміка адаптуецца да санкцый. Ідзе пераарыентацыя на Расею, якая мае даволі ёмісты рынак параўнальна з памерамі Беларусі. Але трэба разумець, што Расея таксама можа супрацоўнічаць зь іншымі краінамі — з тым самым Кітаем — і беларускім вытворцам у некаторых сфэрах будзе цяжка канкураваць.
  • Адбываецца моцны крэн у бок Расеі, каб мінімізаваць наступствы санкцый. Таксама адбываюцца спробы наладзіць адносіны з краінамі Азіі і Афрыкі. Але гэтыя краіны далёка ад Беларусі, таму ўзьнікаюць праблемы зь лягістыкай. Плюс у некаторых сфэрах адносіны даводзіцца будаваць з нуля.
  • Будзе цяжка кампэнсаваць адʼезд зь Беларусі высокакваліфікаваных кадраў, тых самых айцішнікаў. А таксама будзе цяжка замяніць тыя тэхналёгіі, якія пастаўляліся з эўрапейскіх краін ці з ЗША. Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі «паставілі на паўзу».
  • Праект указу, які дазволіць мабільным апэратарам выдаваць пазыкі насельніцтву на суму да 7400 рублёў, — на маю думку, добрая ініцыятыва. Яна робіць фінансавы рынак больш разнастайным і ўзмацняе канкурэнцыю.
  • Тое, што ў Браслаўскім раёне кожны дзясяты жыхар апынуўся ў «базе дармаедаў», не абавязкова адлюстроўвае тэндэнцыю па ўсёй Беларусі. Цягам 2022 году разьлікі паводле мэтадалёгіі Міжнароднай арганізацыі працы паказвалі, што беспрацоўе ў Беларусі ў сярэднім было каля 3,6% і ў чацьвёртым квартале нават зьнізілася да 3,4%.
  • Гэта лёгка тлумачыцца — з аднаго боку, дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі ня вельмі добрая, а да таго ж людзі зьяжджаюць. Гэта відаць па колькасьці вакансій, якія пакуль што ня могуць запоўніць. А ў «базу дармаедаў» могуць трапляць і людзі, якія працуюць за мяжой.
  • На жаль, апошнім часам робіцца менш даступнай статыстыка. Гэта пагаршае магчымасьці для яснага і ўсёахопнага аналізу. Гэта кепска для ўсіх. Што тычыцца якасьці статыстыкі, дык мы можам толькі давяраць ёй, бо ня маем альтэрнатыўных варыянтаў. І ўсе арганізацыі, якія будуюць прагнозы, грунтуюцца на афіцыйнай статыстыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG