Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто даў дазвол чыноўніцы крытыкаваць прапагандыста Азаронка?— меркаваньне былога чыноўніка Арцёма Брухана


Каляж: Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Арцём Брухан (зьлева направа)
Каляж: Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Арцём Брухан (зьлева направа)

Што азначае крытыка Рыгора Азаронка з боку функцыянэркі «Белай Русі» Сьвятланы Вараніцы? Наколькі сур’ёзныя гэтыя канфлікты паміж прыхільнікамі Лукашэнкі? Якая ідэалягічная подбіўка такіх сутычак? Ці могуць яны прывесьці да палітычных зьменаў у Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае палітычны дарадца Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце і «Народным антыкрызісным упраўленьні» («НАУ»), былы чыноўнік Арцём Брухан.

— Намесьніца старшыні горадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Сьвятлана Вараніца выступіла з рэзкай публічнай крытыкай прапагандыста, палітычнага аглядальніка тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка.

«Я не хачу, каб мая краіна рабілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб людзей запалохвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным».

Падставай стала тое, што Азаронак нядаўна падзяліўся сваімі развагамі пра інтэлігенцыю, на якую, паводле яго, «шкада, што не было Берыі, Сталіна і Жданава».

Ці пакараюць Вараніцу, ці прымусяць выбачацца?

— Я ня ўпэўнены, што шараговая чыноўніца можа дазволіць сабе крытыкаваць журналіста з пулу Лукашэнкі без дазволу. Я ўпэўнены, што ёй далі сыгнал — ці то спэцслужбы, ці то вышэйшае кіраўніцтва з вобласьці ці нават зь Менску. Гэта ня можа быць чынавенскай ініцыятывай зьнізу. Беларускія чыноўнікі — гэта людзі, якія найперш выконваюць загады. Ініцыятыва — ня ў іх генэтычным кодзе.

У Вараніцы ў Тэлеграме канфлікт з «інфаказачкай» Вольгай Бондаравай. Мы бачым, што Вараніца не спыняецца, яна працягвае троліць Бондараву, апантаную адэптку «русского мира».

Вараніца — функцыянэрка «Белай Русі». Нядаўна ў канале Паўла Латушкі быў апублікаваны аналіз складу кіраўніцтва гэтай партыі. І бачна, што там сабраліся адны «рускамірцы». заходнерусісты — Алег Раманаў, Вадзім Гігін.

Але, як бачым, у нізавых функцыянэраў «Белай Русі» ўзьнікае адчуваньне, што адбываецца нешта ня тое. І гэта можа сьведчыць пра пачатак расколу сярод лукашыстаў.

«Рускамірцы» вельмі актывізаваліся. Яна змагаюцца ўжо ня толькі з апазыцыяй, але і з усім беларускім, ажно да валошак, як гэта робіць Бондарава. З чым наступным будуць змагацца? З дранікамі? Замест іх прымусяць «окрошку» есьці?

— Наколькі сурʼёзныя гэтыя канфлікты паміж прыхільнікамі Лукашэнкі? Як часта яны трапляюць у публічную сфэру? Памятныя канфлікты «інфаказачкі» Бондаравай з гісторыкам і палітыкам Ігарам Марзалюком і начальнікам горадзенскай міліцыі Дзьмітрыем Разянковым. Ці можна прыгадаць іншыя эпізоды?

— З 2021 году пачалося зьнішчэньне ўсіх грамадзкіх арганізацый, грамадзянскай супольнасьці. Яна збольшага была прабеларуская, праэўрапейская. Але на яе месцы пачала зьяўляецца іншая грамадзянская супольнасьць — прарасейская. І з боку гэтай супольнасьці пачынаецца крытыка чыноўнікаў. Яны (у прыватнасьці, тая ж Бондарава) правяраюць, як далёка можна зайсьці ў гэтай крытыцы.

Рэжыму гэта не падабаецца. Але і прымусіць яе замоўкнуць нязручна.

— Хто часьцей перамагае ў гэтых канфліктах? Якая іх частка застаецца «пад коўдрай»?

— Мы зараз бачым, што гэтае змаганьне «пад коўдрай» перацякае ў публічную прастору. Я пакуль не рабіў бы высноваў наконт таго, хто перамагае. Бо гэта толькі пачатак.

Лукашысты — розныя. Ёсьць такія, якія падтрымлівалі Лукашэнку за тое, што ён супраць Захаду і за Расею. А ёсьць тыя, хто падтрымліваў яго, таму што «любімую не аддаюць». Пра гэтых другіх ня скажаш, што ў іх ёсьць нацыянальнае бачаньне, але яны адрозьніваюцца ад першай групы, для якіх Лукашэнка — «малодшы брат Пуціна». І галоўны для іх — Пуцін.

— Спрэчка паміж Азаронкам і Вараніцай — вакол фігуры Сталіна. У 1956 годзе «культ асобы» Сталіна выкрыў не прыхільнік парлямэнцкай дэмакратыі, а камуніст Мікіта Хрушчоў. Дык, можа, і ў цяперашняй сыстэме зьмены адбудуцца ў выніку канфліктаў паміж лукашыстамі, а не паміж імі і дэмакратычнымі сіламі?

— Я ня стаў бы выключаць субʼектнасьць дэмакратычных сілаў. Яны прадстаўляюць дастаткова буйную частку грамадзтва. І без апоры на гэтую частку грамадзтва тым ці іншым групам лукашыстаў будзе складана перамагчы іншых лукашыстаў унутры сыстэмы.

Я ня думаю, што справа зьвядзецца да змаганьня «пад коўдрай» адно ў межах сыстэмы. Тут вельмі важны фактар Расеі. Сталін можа быць толькі адзін. І для Азаронка гэта — не Лукашэнка.

Мы бачым уніфікацыю партыйнай сыстэмы Беларусі з расейскай: «Белая Русь» — адпаведнік «Единой России», ЛДПБ — ЛДПР, кампартыя — КПРФ, Партыя працы і справядлівасьці — «Справедливая Россия».

— А вы, калі працавалі ў сыстэме, думалі адно пра тое, як яе падарваць, разбурыць, абрынуць? Вы адчувалі сябе там выведнікам дэмакратычных сілаў? Ці не?

— Калі я ішоў працаваць у сыстэму, была адліга. І тады ў чыноўнікі пайшло шмат маладых людзей — з адукацыяй, зь веданьнем замежных моваў, праэўрапейскімі поглядамі.

Быў спадзеў, што калі працаваць унутры сыстэмы, можна пакрысе рухаць яе ў эўрапейскім кірунку. Я і некалькі маіх калегаў запускалі праекты ў межах праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства». Я займаўся ў тым ліку і пытаньнямі гісторыка-культурнай спадчыны, і ладнай часткай гэтая спадчына — не расейская. А гэта «пальшчызна», як зараз пішуць прарасейскія актывісты. Хоць насамрэч гэта беларускае нацыянальнае.

— Пэўны час таму аглядальнік СБ Андрэй Мукавозчык напісаў калёнку — палеміку зь неназваным прыхільнікам Лукашэнкі, які, аднак, лічыць, што хопіць рэпрэсіяў, хопіць «жэсьціць». Мукавозчык пярэчыў, даводзіў, што «крамолу» трэба вычысьціць дашчэнту.

Але вось гэты настрой «хопіць жэсьціць» — наколькі ён распаўсюджаны сярод чыноўнікаў і лукашыстаў?

— Я мяркую, што большасьці шараговых чыноўнікаў думка наконт «жэсьціць» далёкая. Бо навошта гэта рабіць? Гэта ж працы замінае. «Жэсьць» дапамагае працаваць і атрымліваць узнагароды толькі разнастайным ГУБАЗІКам, але ніяк не цывільным чыноўнікам, і тым больш не эканамічнаму блёку.

Тыя, хто адказвае за эканоміку, разумеюць, што для яе рэпрэсіі — гэта вельмі кепска.

Некалькі месяцаў таму прапагандыст Ігар Тур публічна заявіў, што мы паўсюль бачым гэтых «бчбшнікаў», але іх ня так і шмат. Можа, многія зь іх ужо сталі нармальнымі, і, можа, ня трэба ўжо ўсіх іх зьнішчаць.

Гэта такая клясычная барацьба паміж «ястрабамі» і «галубамі» ўнутры сыстэмы. Мне здаецца, што «галубіных» галасоў будзе гучаць усё больш.

— У «НАУ» складаецца кадравая рэзэрва Новай Беларусі — ёсьць пэўная колькасьць чыноўнікаў, якія спачуваюць дэмакратычным сілам. Але ці трэба, каб такія чыноўнікі, як Сьвятлана Вараніца, абавязкова былі з дэмакратычнымі сіламі? А можа, і ня варта сьпяшацца — хай застаюцца прыхільнікамі Лукашэнкі?

— Добра было б, каб дзейныя чыноўнікі запісваліся ў кадравую рэзэрву «НАУ», камунікавалі з намі. Ім няма патрэбы сыходзіць з пасадаў. Гэта для іх было б добрым рашэньнем. Хто ж кладзе ўсе яйкі ў адзін кошык?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG