Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) выпусьціла відэазварот былых супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі. Зварот прымеркавалі да Дня Волі.
У звароце ўзялі ўдзел былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч, былы супрацоўнік Савету бясьпекі Яўген Буры, былы начальнік аддзелу Менгарвыканкаму Пётар Жылінскі, былы супрацоўнік Упраўленьня спраў прэзыдэнта Анатоль Котаў, былая начальніца ўпраўленьня Міністэрства культуры Натальля Задзяркоўская, былы начальнік аддзелу ўпраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан, былы амбасадар Беларусі ў краінах Лацінскай Амэрыкі Ўладзімер Астапенка, а таксама лідэр Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы міністар культуры і амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.
Яны заклікаюць дзейных чыноўнікаў яднацца, каб выказаць пратэст супраць цяперашняй сытуацыі ў Беларусі, «перастаць слухаць і пачаць гаварыць».
Чыноўнікам прапануюць празь бясьпечны Telegram-бот падпісаць зварот за новыя выбары і супраць гвалту. Сьцьвярджаецца, што гэты зварот падпісалі ўжо звыш 1270 супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіраваньня.