Сьвятлана Вараніца нарадзілася ў 1969 годзе ў Ваўкавыску. Яе бацька працаваў шафёрам, маці — займала розныя рабочыя пасады на Ваўкавыскім мясакамбінаце. Яшчэ ў 2022 годзе Вараніца казала, што бацькам за 80 гадоў і яны яшчэ жывыя. Дзявочае прозьвішча Сьвятланы — Аўтух.
«Якасьці, якія прышчапілі мне бацькі, — гэта любоў да сваёй краіны, да малой радзімы, да кіраўніцтва дзяржавы, да свайго народу», — казала яна ў адным з інтэрвію.
Пасьля школы Сьвятлана пайшла вучыцца ў Горадзенскае мэдвучылішча па спэцыяльнасьці «дзіцячая мэдсястра». У выніку па разьмеркаваньні ў 1988 годзе апынулася на працы ў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе працавала «мэдсястрой-анэстэзістам» у рэанімацыі. Там будучая прапагандыстка адпрацавала 12 гадоў.
Сярод дасягненьняў называла Дні польскай культуры
Вызначальным момантам у біяграфіі Сьвятланы Вараніцы стала ўступленьне ў Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Спачатку яна ўзначаліла пярвічную арганізацыю БПСМ у сваёй бальніцы, а потым стала кіраўніцай раённай арганізацыі новых «камсамольцаў».
У сваім артыкуле ў раённай газэце «Наш час» Сьвятлана Вараніца ўспамінала, што тады хацела зьехаць працаваць у Менск, але абраньне яе кіраўніцай мясцовага БПСМ зьмяніла пляны.
«Кепска, што ў вас толькі сярэдняя спэцыяльная адукацыя. Трэба тэрмінова атрымліваць вышэйшую. Ці хаця б сельгасынстытут», — казалі Вараніцы прадстаўнікі Горадзенскага аблвыканкаму пасьля абраньня яе на пасаду.
У выніку яна сапраўды паступае на завочнае ў Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «Біятэхналёгіі».
Сярод сваіх галоўных дасягненьняў на пасадзе кіраўніцы раённага БПСМ Сьвятлана Вараніца называла, напрыклад, усталяваньне мэмарыяльнай шыльды ў гонар 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, правядзеньне Дзён польскай культуры ў Ваўкавыску, а таксама вяртаньне ў касьцёл мястэчка Шылавічы абраза Маці Божай.
Два сыны, два шлюбы
У 2000 годзе Сьвятлану забіраюць на працу ў Ваўкавыскі райвыканкам. Яе пасада — «Галоўны спэцыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў аддзелу ідэалягічнай работы».
У Ваўкавыску Сьвятлана першы раз была замужам. Тады яна насіла прозьвішча Бабайцава. Ад першага шлюбу ў яе застаўся сын Яўген. Па адукацыі ён вэтэрынарны лекар. Скончыў, як і маці, Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт.
Калі меркаваць па ягоных сацыяльных сетках, то сын цалкам падтрымлівае ўладу, шмат здымае на фота афіцыйныя мерапрыемствы.
Вараніцай Сьвятлана стала ў другім шлюбе. Ад другога мужа ў яе таксама ёсьць сын, ён на васямнаццаць гадоў маладзейшы за першынца.
«Для мяне важна, каб мае дзеці былі паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны і ўсьведамлялі, што яны беларусы», — казала Вараніца.
Ухваляла затрымальне Ціханоўскага
З Ваўкавыску Вараніца пайшла на павышэньне ў Горадню. Спачатку яна стала першай намесьніцай старшыні горадзенскай абласной структуры таварыства «Веды», а пазьней стала зноўку ж намесьніцай старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь».
Вараніца ўдзельнічала ў працы акруговых выбарчых камісій. Прычым вылучалася ад Камуністычнай партыі Беларусі.
На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» напісана: «Гэты акаўнт цалкам падтрымлівае дзяржаву — Рэспубліку Беларусь. Беларус — гэта рускі са знакам якасьці».
Яшчэ напярэдадні выбараў 2020 году Сьвятлана Вараніца дала вялікае інтэрвію выданьню Hrodnа.life, дзе казала, што выбары не фальсыфікуюцца, а за Лукашэнку сапраўды актыўна ставяць подпісы. Таксама яна выказалася пра пікет у Горадні, на якім затрымалі Сяргея Ціханоўскага.
«Гэта бясчынства. Гэта момант, калі пікет перарос у несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое выходзіць за рамкі любога кодэксу. Сёньня каб міліцыянэр аказаўся на зямлі? У прававой дзяржаве? Ужываньне сілы кім бы там ні было супраць міліцыянэра пры выкананьні абавязкаў? Хлопцы, вы пра што, які пікет па зборы подпісаў? Дзякуй, што ў нас не Амэрыка. Тварам у асфальт ляжалі б усе. Як сёньня можна, на пікеце па зборы подпісаў, куды прыйшлі нашыя грамадзяне з пашпартамі аддаць свае подпісы, як можна наогул гэта дапусьціць?» — казала яна.
Называла сябе «ябацькай»
У 2020 годзе Вараніца была з тых, хто безумоўна падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і гвалт з боку сілавікоў у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў.
12 жніўня 2020 году, праз тры дні пасьля выбараў, яна напісала, што ў Горадзенскай вобласьці тых, хто прагаласаваў за Лукашэнку, у 5–7 разоў больш, чым тых, хто галасаваў за Ціханоўскую.
«Спадзяюся, гэты факт нашы людзі ўспрымуць хай і без захапленьня, але з павагай», — пісала Вараніца ў Фэйсбуку.
Потым яна стане адной зь першых удзельніц аўтапрабегаў, якія ладзілі пад чырвона-зялёнымі сьцягамі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
«У мяне стала больш сяброў. І мы разам. Мы за адзіную Беларусь. І так, я — ябацька», — пісала Вараніца ў кастрычніку 2020 году.
У іншым допісе яна выказвае ўдзячнасьць сілавікам за разгоны акцый, суправаджаючы гэта выразам «Работайте, братья».
На «Чорнай мапе Беларусі» ёсьць зьвесткі, што ў 2020 годзе Вараніца зьвярталася ў міліцыю, каб былі знойдзеныя людзі, што распаўсюджвалі ўлёткі пра яе.
«Яны прыдумляюць казкі пра зламаныя рукі і перарваную праз АМАП цяжарнасьць, каб дадаць сабе папулярнасьці ў сацыяльных сетках ці шанцаў зьехаць у такое жаданае замежжа. Дык едзь! Валіце, блін, адсюль у Эўропу. А нам пакіньце нашу ранейшую, чыстую і сьветлую любімую Беларусь», — адзначала Вараніца ў верасьні 2020.
Варажнеча з Бондаравай
Нейкі час Сьвятлана Вараніца дзейнічала разам зь вядомай даносчыцай Вольгай Бондаравай. У сакавіку 2021 году жанчыны разам удзельнічалі ў пікетаваньні генэральных консульстваў Літвы і Польшчы ў Горадні.
«Літва — прытулак палітычных авантурыстаў», — было напісана на плякаце Вараніцы. Яна і ў будучыні неаднаразова ўдзельнічала ў пікетах ля консульстваў разам зь іншымі прадстаўнікамі «Белай Русі». У СМІ іх называлі неабыякавымі грамадзянамі.
Аднак потым шляхі Бондаравай і Вараніцы разышліся. Горадзенка Бондарава называла Вараніцу «чалавечай самкай з павадкамі вясковай бабы».
«Асобныя мэтады дзейнасьці ў публічнай прасторы горадзенкі Вольгі Бондаравай несумяшчальныя з паняцьцямі этыкі, не накіраваныя на стварэньне, носяць неканструктыўны характар і рана ці позна правядуць да нэгатыўных наступстваў», — пісала, у сваю чаргу, Вараніца.
Яе абурыла, што Бондарава выступала з крытыкай кіраўніка Горадзеншчыны Ўладзімера Караніка, памочніка Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Юрыя Караева, а таксама міністра культуры Анатоля Маркевіча. Прадстаўніца «Белай Русі» нават прасіла даць прававую ацэнку дзейнасьці і публікацыям Бондаравай.
Супраць Азаронка і Ўкраіны
Зусім нядаўна Вараніца ў сваім тэлеграм-канале дала рэзкую ацэнку дзейнасьці прапагандыста Рыгора Азаронка. Яна напісала, што адпісалася ад тэлеграм-каналу Азаронка і не глядзіць ягоныя перадачы.
«Калі б у жыцьці не сустракалася, ня знала, то вырашыла б, што слухаю ўтрапёнага чалавека. Адчуваньне, што стаў закладнікам таго вобразу на ТБ, які ці то сам сфармаваў, ці то гэта камандная праца. Яшчэ мая мама папрасіла мяне „не чапаць“ Азаронка. Маўляў, хай сабе гаворыць што хоча. Ён жа адкрыта прыніжае і запалохвае, а хто там яго ведае, якія людзі якіх пасад яму за гэта аплядуюць. Пачну абурацца — прыпомняць і мне, і дзецям маім. Паквітаюцца», — піша Вараніца.
Яна выказалася, што ёй страшна за будучыню краіны, калі ўсё будзе адбывацца так, як пра гэта паведамляюць прапагандысты ў дзяржаўных СМІ.
«Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запалохвалі казэматамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным», — напісала Вараніца.
Пры гэтым адзначым, што Сьвятлана Вараніца цалкам падтрымлівае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Шмат у чым паўтарае наратывы расейскай прапаганды. Маўляў, украінцаў проста напампавалі нянавісьцю да ўсяго расейскага.
Больш за тое, яна пахвалілася ў сацыяльных сетках брошкамі з выявай літар Z і V, якія сталі сымбалямі расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.