Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За супрацу з прызнанымі «экстрэмісцкімі» СМІ абвінавачаныя прынамсі 70 чалавек — праваабаронцы


Фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў паводле артыкула 3614 Крымінальнага кодэксу (спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці) зьяўляюцца больш за 70 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

На сёньня, паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), 17 СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Эўрарадыё», Tut.by, «Зеркало», kyky.org, «Наша Ніва», Радыё Свабода, «Хартыя’97», «Флагшток», hrodna.life, volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», МОСТ, а таксама самая БАЖ. У няволі знаходзяцца 33 прадстаўнікі мэдыя.

Сярод асуджаных паводле артыкулаў 361-4 і 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) КК ёсьць чытачы і рэспандэнты, што давалі інтэрвію ці дасылалі ў рэдакцыі інфармацыю, і ўласна журналісты, якія проста выконвалі сваю працу, адзначае «Вясна». Шмат хто асуджаны за перасылку фатаграфіяў і відэазапісаў перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў ініцыятыву «Беларускі Гаюн», за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

Напрыклад, пэнсіянэр з Гомля Валянцін Федарэнка, які мае псыхічнае захворваньне, даслаў з кнопачнага тэлефона 160 смс-паведамленьняў на польскі нумар тэлеканала «Белсат» аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі ў Гомлі і аб узьлёце расейскіх самалётаў. Праваабаронцам вядома, што мужчыну затрымалі ў жніўні 2022 году, асудзілі, але вынік суда невядомы. Валянціна Федарэнку прызналі палітвязьнем.

Былога дацэнта катэдры італьянскай мовы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, палітзьняволеную Натальлю Дуліну асудзілі сёлета ў сакавіку на 3,5 года пазбаўленьня волі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і ўдзел у пратэставых акцыях у 2020 годзе. Летам 2022 году яна выступала ў этэры «Эўрарадыё».

Для чытачоў небясьпечныя падпіска, рэпосты, рэакцыі і камэнтары пад публікацыямі ў каналах незалежных СМІ. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што за падобныя дзеяньні арыштоўваюць альбо даюць штраф паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць).

З 2021 году вядома прынамсі 2540 выпадкаў прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці паводле гэтага артыкула, у тым ліку арыштавана 512 чалавек (агулам на 8343 дні), прызначана штрафаў на 8313 базавых велічынь (122 тыс. даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG