Аб’ём энэргіі
Яшчэ ў жніўні 2018 году, да пуску Беларускай АЭС, Савет міністраў зацьвердзіў плян разьвіцьця электраэнэргетычнай сыстэмы з улікам уводу АЭС. Згодна з ім выпрацоўка энэргіі на Беларускай АЭС мусіла складаць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год.
Такі ж прагноз выпрацоўкі энэргіі даваў падчас адкрыцьця станцыі міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч.
Станцыя працуе 2,5 года і за ўвесь гэты час агулам дала тыя самыя 18 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі. То бок выпрацоўка у 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі.
Фізык-атамнік і актывіст беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі называе гэтыя паказчыкі «правальнымі».
«Гэта правальныя паказчыкі. Каэфіцыент выкарыстаньня ў першы год — 51%, у другі — 48%. Гэта паказчык, колькі па часе працуе АЭС. А яны абяцалі да 95% выпрацоўкі магутнасьці. Калі б гэта быў камэрцыйны праект, былі б суды паміж пастаўшчыком і заказчыкам. Эканомікі за гэтым праектам не відаць», — кажа Андрэй Ажароўскі.
Эканомія газу
На этапе адкрыцьця станцыі чыноўнікі чакалі, што яе запуск дазволіць скараціць спажываньне газу ў Беларусі на 4,5 мільярда кубамэтраў на год. Гэта б дазволіла зэканоміць каля паўмільёна даляраў на год. Намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк сказаў, што праца АЭС дазволіла зэканоміць 5 мільярдаў кубамэтраў газу за ўвесь час працы АЭС.
Але папраўдзе ў 2019 годзе Беларусь купіла ў Расеі 20,2 мільярда кубамэтраў газу. У 2020-м — 18,8 мільярда кубамэтраў. АЭС запусьцілі ў лістападзе таго ж 2020 году.
Імпарт газу пасьля адкрыцьця станцыі толькі вырас. У 2021 годзе Беларусь купіла 19,7 мільярда кубамэтраў газу, у 2022-м — таксама каля 19 мільярдаў кубамэтраў. Такім чынам, калі газ і зэканомілі, то на аб’ёме ягоных закупак у Расеі гэта амаль не адбілася.
Экспарт
Да запуску АЭС плянавалася, што энэргія будзе ісьці на экспарт. Гэта нават прапісана на сайце атамнай станцыі, хоць канкрэтных аб’ёмаў чыноўнікі не называлі.
У 2020 годзе Беларусь прадала 653,2 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі за мяжу. Асноўны пакупнік — Украіна. Таксама энэргію куплялі Літва і Латвія. Пасьля ўводу АЭС у эксплуатацыю Вільня і Рыга адмовіліся купляць беларускую энэргію. Расея яе і так не набывала. У 2021 годзе беларускія ўлады закрылі статыстыку аб гандлі энэргарэсурсамі, але вядома, што Ўкраіна ў той год купіла 1,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі зь Беларусі.
А ў 2019-м, калі АЭС яшчэ не працавала, экспарт электраэнэргіі зь Беларусі склаў 2,4 мільярда кіляват-гадзін. У 3,6 раза болей, чым у 2020-м, калі АЭС ужо працавала.
Украіна зь лютага 2022 году не купляе энэргію ў Беларусі. Ці ідзе хоць нешта з таго, што вырабляе Астравецкая АЭС, на экспарт цяпер, невядома.
На думку Андрэя Ажароўскага, праект беларускай АЭС меў бы сэнс, калі б быў рост эканомікі і вытворчасьці.
«Праект меў бы нейкі сэнс, каб была добрая сытуацыя з эканомікай у Беларусі, і расла вытворчасьць, і былі б добрыя адносіны з суседзямі. А цяпер нават няма сэнсу запускаць другі энэргаблёк. Думаю, яны будуць працаваць па чарзе», — кажа Андрэй Ажароўскі.
Прастоі
За час сваёй працы першы энэргаблёк беларускай АЭС спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Агулам за 2,5 года час прастою склаў адзін год. Толькі за мінулы год першы энэргаблёк не працаваў паўгода.
«Нейкая частка прастояў зьвязаная зь нізкай якасьцю абсталяваньня. А нейкія прастоі могуць быць зьвязаныя і зь лішкамі энэргіі. Бо гэтую энэргію няма дзе доўга захоўваць. Тым больш такія аб’ёмы», — мяркуе Андрэй Ажароўскі.
Спазьненьне з будоўляй
Згодна зь першапачатковым пагадненьнем паміж Расеяй і Беларусьсю аб будаўніцтве АЭС, скончыць яго плянавалі ў 2017–2018 гадах. Адкрылі ж станцыю толькі ў лістападзе 2020 году.
Колькі энэргіі трэба Беларусі
Агульная патрэба Беларусі ў электраэнэргіі — каля 38 мільярдаў кіляват-гадзін на год. 32 мільярды вырабляецца на цеплавых станцыях, якія працуюць у асноўным на газе. Калі электраэнэргія амаль не экспартуецца, то незразумела, куды ўпісваецца яшчэ 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год, якія плянавалі вырабляць на АЭС.