Як піша віцебская «Вясна», у лісьце, які падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Павал Манак, прызначаны на гэтую пасаду 2,5 месяца таму, гаворыцца, што больш мэтазгодна ўшанаваць памяць выдатнага паэта і грамадзкага дзеяча ў Менску, Полацку ці Расонах, паколькі з гэтымі населенымі пунктамі найбольш цесна зьвязаны яго жыцьцёвы і творчы шлях.
У адказе нічога не гаворыцца пра гатоўнасьць зьвярнуцца з такой прапановай у Полацкі або Расонскі райвыканкамы.
Праваабаронцы нагадваюць, што ідэя пра наданьне вуліцы ў Віцебску імя Генадзя Бураўкіна зьвязаная з тым, што ён нарадзіўся на Віцебшчыне, у Расонскім раёне. Дзяцінства паэта прайшло ў Полацку. Аднак ні ў абласным цэнтры, ні ў Расонах, ні ў Полацку няма вуліцы, якая насіла б ягонае імя.
У 2014 годзе з прапановай ушанаваць памяць пра Генадзя Бураўкіна выступала Віцебская абласная рада грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны»: сябры рады зьвярталіся да тагачасных прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова. У звароце былі прапановы назваць у гонар Бураўкіна вуліцы ў Менску, Полацку, Расонах і прысвоіць імя Бураўкіна адной зь бібліятэк на радзіме паэта (на Віцебшчыне). Ніводная з прапановаў не ажыцьцявілася.
Беларускі паэт і дзяржаўны дзяяч Гкенадзь Бураўкін з 1990-га па 1994 год займаў пасаду сталага прадстаўніка Беларусі пры Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый, першага ў гісторыі незалежнай Беларусi, а пазьней быў намесьнікам міністра кyльтуры і друку Беларусі.