Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 85 гадоў ад дня нараджэньня Генадзя Бураўкіна


Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін

Падзеі 28 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

28 жніўня 1936 году нарадзіўся Генадзь Бураўкін, беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч, дыплямат, першы прадстаўнік незалежнай Беларусі ў ААН.

Ён меў рэдкае полацкае прозьвішча. Рэдкае і вельмі гаваркое. У ім чуліся і бура з буранам, і зацяты магутны бур, што дасьледуе цьвёрдыя пароды, і паэтычныя буравей з бурапеннасьцю.

Характар Бураўкіна быў адпаведны прозьвішчу, і гэта выяўлялася ўва ўсіх ягоных іпастасях — паэта, палітыка, дыплямата.

Полацкая душа схільная да веры ў дзівосы. Аднак ён разам зь вераю ў дзівы і сам ствараў іх — і словам высокай пробы, і ўчынкамі, што застануцца ў айчыннай гісторыі.

Для мяне — сяміклясьніка той самай 1-й полацкай школы, якую скончыў і Генадзь, — сапраўдным дзівам стаўся яго верш «Юнацтва сінія арэлі» з прысьвячэньнем Юлі:

Яны прыглушана рыпелі

Сярод старых кашлатых ліп.

Мы тыя сінія арэлі

Зламаць нікому не далі б...

Гэта быў верш пра тыя самыя арэлі за школай, што дагэтуль прыцішана рыпяць у маёй памяці.

А хіба ня дзіва — стварэньне Бураўкіным яшчэ за савецкім часам сапраўды нацыянальнага — не паводле назвы, а паводле духу — тэлебачаньня? Якім шчасьцем было для нас, маладых заўзятараў, глядзець беларускамоўныя рэпартажы з гульняў менскага «Дынама», якое тады перажывала сваю залатую пару!

Праяваю Божай волі бачыцца, што якраз Бураўкін быў прадстаўніком Беларусі ў ААН у той гістарычны час, калі нашая краіна вярнулася у лік незалежных дзяржаваў. Ён, дарэчы, згадваў, як, прыехаўшы ў Нью-Ёрк, даведаўся, што беларуская місія ня мае нават друкавальнай машынкі зь беларускім шрыфтам. А калі бел-чырвона-белы сьцяг стаў дзяржаўным, уначы яны з жонкай Юляй пашылі палотнішча з дарагімі колерамі, каб ураньні ўзьняць яго на флягштоку перад ААН.

Веру ў дзівосы і здольнасьць дзяліцца ёю ён захоўваў усё жыцьцё.

Неяк з Бураўкіным мы выступалі разам перад полацкімі школьнікамі. Пры канцы спадар Генадзь сказаў, што па гэтай зямлі трэба як мага часьцей хадзіць басанож — каб падзараджацца ейнай жыцьцядайнаю энэргіяй. «І зьявяцца сярод вас тады і новы Скарына, і новая Эўфрасіньня», — паабяцаў Бураўкін. Выходзячы з школы, мы ўбачылі на ганку гурму хлопцаў і дзяўчатак, якія відавочна чакалі пісьменьнікаў. Усе ўжо былі басаногія й, шматзначна зірнуўшы на нас, рушылі ў бок блізкай Дзьвіны. На шчасьце, у Прыдзьвіньні тады валадарыла бабіна лета.

Магчыма, гэта занадта лірычнае сьведчаньне таго, што Генадзь Бураўкін быў і застаецца ў шэрагу тых, хто вызначаў каардынаты нашага нацыянальнага быцьця.

Узгадваюцца словы аднаго зь літаратурных мэтраў, што, маўляў, такім, як Бураўкін, «сяброў не паложана па штаце». Разьвітаньне з спадаром Генадзем засьведчыла: мэтар ані ня меў рацыі.

Бураўкіна пахавалі з кнігаю «Нагаварыцца з зоркамі», чаканьне якой апошнія дні трымала яго на сьвеце. Цяпер ён гаворыць з зоркамі. А анёлы сьпяваюць яму ягоную «Калыханку».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.664-665.

У гэты дзень год таму

  • «Мы ім пакажам, што такое санкцыі». Лукашэнка загадаў перавесьці транзытныя патокі зь літоўскіх партоў
  • Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы» і Naviny.by
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Усяго ў Беларусі такіх ужо 41
  • У Горадні пасьля пратэстаў мэдыкаў звольнілі рэктара мэдунівэрсытэту
  • Дыпляматычныя місіі краін Эўропы і ЗША заклікалі ўлады Беларусі спыніць гвалт над грамадзянамі

Гэты дзень у гісторыі

1656 — перамога войска Рэчы Паспалітай у бітве пад Любжам у часе II Паўночнае вайны.

1919 — У Вільні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя, які быў створаны на месцы былога Віленскага ўнівэрсытэту.

1963 — лідэр змаганьня за правы афраамэрыканцаў Марцін Лютар Кінг з прыступак Мэмарыялу Лінкальну выступае са знакамітай прамовай I have a dream (Я маю мару).

Марцін Лютэр Кінг выступае з прамовай "I have a dream", 28 жніўня 1963
Марцін Лютэр Кінг выступае з прамовай "I have a dream", 28 жніўня 1963

1990 — Ірак абвясьціў Кувэйт сваёй правінцыяй.

1994 — у Беларусі ўпершыню адбылося сьвяткаваньне Дня беларускай пісьменнасьці і друку.

У гэты дзень нарадзіліся

1749 — Ёган Вольфганг фон Гётэ, нямецкі пісьменьнік.

1828 — Леў Талстой, расейскі пісьменьнік.

Лаў Талстой
Лаў Талстой

1874 — Аляксандар Уласаў, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыст, палітык, рэдактар «Нашай Нівы» ў пачатку ХХ стагодзьдзя. У 1918 уваходзіў у склад Рады БНР. Быў арыштаваны НКВД у 1939 годзе, памёр у ГУЛагу.

Аляксандар Уласаў
Аляксандар Уласаў

Адзін з заснавальнікаў нашай першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады — і сябар яе цэнтральнага камітэту.

Ад сьнежня 1906-га (зь пятага нумару) да траўня 1914-га — рэдактар-выдавец «Нашай Нівы», да супрацоўніцтва зь якой далучыў найталенавіцейшых літаратараў, у тым ліку й Янку Купалу, што стаў новым рэдактарам газэты.

Публіцыст, якога царскія ўлады ня раз прыцягвалі да адказнасьці за вострыя публікацыі, а ў 1909-м асудзілі на чатыры месяцы зьняволеньня.

Удзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду.

Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рыскі трактат 1921 году, які па жывым разрэзаў Беларусь на Заходнюю і Ўсходнюю, засьпеў Уласава ў Радашкавічах. Ён стварае там беларускую гімназію імя Францішка Скарыны, бароніць нацыянальныя інтарэсы як сэнатар Польскага сойму, выконвае абавязкі старшыні галоўнай управы Таварыства беларускай школы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.202-203.

1890 — Язэп Рэшаць, беларускі рэлігійны і культурна-асьветны дзеяч, навуковец, пэдагог, пісьменьнік, драматург і публіцыст.

1915 — Чэслаў Найдзюк, дзеяч беларускай эміграцыі ў Каліфорніі.

1922 — Цімох Вострыкаў, удзельнік антысавецкага збройнага Супраціву пачатку 1950-х, палітвязень, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Цімох Вострыкаў
Цімох Вострыкаў

У жніўні 1952-га ён як прадстаўнік Рады БНР разам з трыма таварышамі дэсантаваўся ў Налібацкай пушчы. Групу (у выніку здрады аднаго парашутыста) гэбісты выкрылі цягам лічаных дзён.

Тры гады Цімоха спрабавалі выкарыстаць у складанай радыёгульні з амэрыканцамі, але дэсантнік вёў уласную гульню. Урэшце расчараваныя байцы нябачнага фронту аддалі Вострыкава пад суд. Тэрмін (25 гадоў) ён адбыў амаль цалкам.

У кожным з чатырох лягераў, дзе сядзеў, яму ўдавалася ствараць беларускую суполку. За моцнай гарбаткай займаліся мовай, гісторыяй, спрабавалі сабраць беларускія бібліятэчкі. Тут прадстаўнік Рады БНР меў добрых памагатых. Адначасова зь ім за калючым дротам трымалі «злоснага нацыяналіста» філёляга Браніслава Ржэўскага, беларускага пастара Эрнста Сабілу, Міхася і Лявона Белых — пляменьнікаў Якуба Коласа, асуджаных «за антысавецкую прапаганду» (пашыралі верш у абарону беларускай мовы).

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.582-583.

1934 — Васіль Мельяновіч, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША.

Пры канцы 1980-х у менскім Палацы спорту дэманстравалася выстава амэрыканскай тэхнікі. Больш за экспанаты многіх наведнікаў уражваў амэрыканец, які выдатна гаварыў па-беларуску. Як я пазьней даведаўся, магчыма, якраз з гэтае прычыны яму, Васілю Мельяновічу, так і не дазволілі тады наведаць родную палескую вёску.

Па-сапраўднаму мы пазнаёміліся ўжо ў Амэрыцы, праехаўшы з Васілём зь дзясятак штатаў — ад Вашынгтону да Кліўлэнду. Пра чалавека вельмі шмат могуць сказаць драбніцы: у майго спадарожніка на гадзіньніку былі два цыфэрбляты, стрэлкі якіх паказвалі час з разьбежкаю на сем гадзінаў, што існавала паміж Менскам і Нью-Ёркам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.526-527.

1972 — Зьміцер Завадзкі, беларускі журналіст, тэлевізійны апэратар. Гвалтоўна зьнік у 2000 годзе.

Партрэт Зьмітра Завадскага на вечарыне памяці
Партрэт Зьмітра Завадскага на вечарыне памяці

У памяці

430 — сьвяты Аўгусьцін Аўрэлій, прапаведнік хрысьціянства.

1640 — Рафал Корсак, уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

1744 — Васіль Вашчыла, кіраўнік узброенага сялянскага паўстаньня ў Крычаўскім старостве ў 40-х гадах XVIII стагодзьдзя.

1937 — Аляксандар Каваленя, беларускі археоляг.

Аляксандар Каваленя
Аляксандар Каваленя

1979 — Канстанцін Сіманаў, расейскі пісьменьнік. Паводле запавету, ягоны попел разьвеяны пад Магілёвам.

1991 — Лідзія Вакулоўская, пісьменьніца, перасьледаваная савецкімі спэцслужбамі.

Пры канцы 1980-х на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў мне паказалі немаладую прыгожую жанчыну з нумарам «Нового мира» ў руках. «Вакулоўская, дысыдэнтка», — з захапленьнем сказаў сябар.

Кватэра Лідзіі Аляксандраўны на вуліцы Берасьцянскай у 1960-я сапраўды была менскім клюбам інтэлектуальнай фронды (гэтаму спрыялі й ганарары гаспадыні, якая пісала парасейску і часта друкавалася ў Маскве).

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.374-375.

2015 — Алесь Чаркашын, вайсковец, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя, герой вайны на ўсходзе Ўкраіны.

Алесь Чаркашын
Алесь Чаркашын

Алесь вучыўся ў Украіне: з чырвоным дыплёмам скончыў Таўрыйскі хрысьціянскі інстытут у Херсоне. Яшчэ ў часе навучаньня ён уступіў у партыю Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і стаў кіраўніком яе берасьцейскай суполкі. 19 сьнежня 2010 году прыехаў на Плошчу, потым быў у родным горадзе арганізатарам маўклівых пратэстаў.

На фронце Чаркашын выконваў абавязкі капэляна (у кішэні заўсёды насіў Новы Запавет) і дапамагаў мэдыкам. Ён меў пазыўны «Тарас», але сябры часта называлі яго Бясстрашным. Яны згадваюць, што Алесь сапраўды ня меў у душы страху: у бітве за Данецкі аэрапорт, у пекле каля пасёлку Пяскі, калі вакол несупынна гучалі выбухі, ён пад кулямётным абстрэлам выцягваў з-пад агню параненых.

Яму нязьмерна камфортней было мець у руках ня зброю, а гітару, пад якую Алесь у хвіліны зацішша сьпяваў аднапалчанам песьні на вершы Ларысы Геніюш і на ўласныя словы. Замест мэдыятара ў руцэ ён трымаў патрон.

У жніўні 2015-га ў баі пад Белай Каменкай Чаркашына цяжка параніла. Лёс адмерыў яму два з паловаю тыдні жыцьця ў шпіталі і падараваў сустрэчу з каханай дзяўчынай.

На пахаваньне ў роднай берасьцейскай зямлі прыйшлі сотні аднадумцаў і дзясяткі віжоў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.676-677.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG