Пра гэта паведамляе чэскае тэлебачаньне.
Чэскія ўлады таксама арыштавалі маёмасьць Расьціслава Зорыкава — зяця Абносава. Гаворка ідзе аб пэнтхаўсе зь відам на Прагу коштам каля мільёна эўра, а таксама аб доме ў цэнтры Прагі, які можа каштаваць каля шасьці мільёнаў эўра. Кампанія Зорыкава здае яго ў арэнду.
Акрамя таго, пад арышт FAU падпала рыэлтарская фірма Зорыкава Riomax, якую ён да ўвядзеньня нацыянальных санкцый перааформіў на свайго бацьку.
«Нягледзячы на пераафармленьне маёмасьці ўнутры сямʼі, сувязь паміж імі відавочная. Акрамя таго, чальцы сямʼі Абносава ўцягнутыя ў бізнэс, які склаўся вакол Міністэрства абароны Расеі», — расказала Крысьціна Вэйнбэндэр, рэдактар сайта Investigace.
Нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да галоўнага расейскага ракетчыка Барыса Абносава, яго дачкі Вольгі Зорыкавай і зяця Расьціслава Зорыкава былі ўведзеныя 16 жніўня.
Пад кіраўніцтвам Абносава дзясяткі тысяч чалавек у розных кутках Расеі робяць зброю, якую Мінабароны РФ выкарыстоўвае нібыта толькі для высокадакладных удараў і толькі па вайсковых абʼектах Украіны. Насамрэч гэтыя ракеты ўжо больш як год зьнішчаюць цывільную інфраструктуру і мірнае насельніцтва Ўкраіны.
Пра нерухомасьць Зорыкава ў Празе каманда Навальнага расказала яшчэ ў траўні 2023 году. Расьсьледавальнікі абяцалі дамагацца санкцый як для пары Зорыкавых, так і для самога Абносава.
Пасьля публікацыі расьсьледаваньня ў СМІ зьявіліся шматлікія матэрыялы пра ўласнасьць сямʼі Абносава ў Празе. У іх журналісты крытыкавалі ўлады Чэхіі за маўчаньне адносна дачкі і зяця Абносава, якія жывуць у Празе. Сярод іншага, СМІ Чэхіі зьвярнулі ўвагу на інцыдэнт з удзелам Зорыкава, які адбыўся 13 ліпеня 2023 году ў Празе. Тады зяць Абносава напаў на расейскага актывіста руху «Вясна» Андрэя Карэліна. Той спэцыяльна прыехаў у Прагу, каб правесьці пікет ля будынку, якім валодае кампанія Расьціслава Зорыкава.
Міністар унутраных справаў Чэхіі Віт Ракушан у адказ на крытыку заявіў, што ён сумесна з кіраўніком МЗС краіны Янам Ліпаўскім разгледзіць магчымасьць уключэньня Зорыкава ў нацыянальны санкцыйны сьпіс.
У канцы ліпеня ўвесьці санкцыі ЭЗ супраць Абносава і яго сваякоў патрабавала група дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Па словах аўтара ініцыятывы Петара Танева, ФБК актыўна лабіравалі санкцыі супраць сямʼі галоўнага ракетчыка РФ, але ў ЭЗ з унясеньнем яго ў санкцыйны сьпіс «не сьпяшаліся». «Каб паскорыць працэс, эўрадэпутаты распрацавалі гэтае патрабаваньне, яго павінны разгледзець у найкарацейшыя тэрміны», — падкрэсьліў ён.