Кіраўніцтва СССР прыняло рашэньне ўвесьці войскі ў Чэхаславаччыну, якая належала тады да савецкага блёку, каб пакласьці канец рэформам, якія атрымалі вядомасьць як Праская вясна.
Мітынг у памяць аб падзеях 55-гадовай даўнасьці прайшоў ля будынку Чэскага радыё ў Празе. У 1968 годзе яго абстрэльвалі з танкаў.
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у сваім выступе правёў паралелі паміж падзеямі 1968 году і цяперашнім расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.
«Расея з таго часу ніяк не зьмянілася. Хоць цяпер яна называецца інакш, тое, якую зьнешнюю палітыку яна праводзіць і якіх каштоўнасьцей прытрымліваецца, поўнасьцю адпавядае таму, што было раней», — сказаў Павэл.
Іншыя палітыкі, якія выступілі на цырымоніі, таксама падкрэсьлілі важнасьць падтрымкі Украіны ў барацьбе з агрэсіяй.
Чэхаславацкае войска ў 1968 году не аказвала ўварваньню супраціву.
Жыхары краіны арганізоўвалі масавыя негвалтоўныя акцыі пратэсту, якія спыніліся толькі пасьля таго, як кіраўніцтва Чэхаславаччыны падпарадкавалася дыктату і пагадзілася на «часовае» знаходжаньне савецкіх войскаў у краіне, якое працягнулася да 1991 году. Ахвярамі ўварваньня, паводле апошніх зьвестак, сталі 137 грамадзян Чэхаславакіі.
Найбольш вядомай акцыяй пратэсту супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну ў СССР стала несанкцыянаваная дэманстрацыя на Краснай плошчы ў Маскве пад лёзунгам «За вашу і нашу свабоду». Сямёра яе ўдзельнікаў зазналі рэпрэсіі з боку савецкіх уладаў.