Начальнік супрацьміннага цэнтру Ўзброеных сіл Беларусі Руслан Гірылюк заявіў, што разьмінаваньне ўкраінскай тэрыторыі, якая мяжуе зь Беларусьсю, «можа зацягнуцца на нявызначаны тэрмін».
«На гэтае пытаньне можна адказаць толькі пасьля пільнага выведваньня гэтага раёну. Але ў сувязі з тым, што гэта тэрыторыя Ўкраіны, канчатковы адказ даць немагчыма. Тым больш, на мой погляд, спатрэбіцца суцэльная зачыстка тэрыторыі, а гэта працяглы пэрыяд часу, які зацягнецца на няпэўны тэрмін», — сказаў Руслан Гірылюк.
Начальнік супрацьміннага цэнтру Ўзброеных сіл Беларусі патлумачыў, што «суцэльная зачыстка тэрыторыі ўключае поўную праверку мясцовасьці на глыбіню да 15 сантымэтраў на наяўнасьць выбуханебясьпечных прадметаў».
«Яе [праверку] праводзіць група сапэраў пад кіраўніцтвам старшага з выкарыстаньнем сродкаў пошуку выбуханебясьпечных прадметаў, а таксама з выкарыстаньнем мінна-пошукавых сабак. Ажыцьцяўляецца ў межах неабходных раёнаў, задач, якія нам вызначае вышэйшае камандаваньне, і пасьля гэтага мы ўжо з гатоўнасьцю можам заявіць, што на гэтай тэрыторыі на глыбіні до 15 сантымэтраў адсутнічаюць любыя выбуханебясьпечныя прадметы і жыцьцё бясьпечнае», — удакладніў ён.
Руслан Гірылюк паведаміў, што беларускія сапэры рыхтуюцца на падставе аналізу выкарыстаньня боепрыпасаў у блізкім і далёкім замежжы, а цяпер яшчэ і з улікам досьведу «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне.
«З пачатку спэцыяльнай вайсковай апэрацыі найбольш увагі пачалі ўдзяляць прыёмам і спосабам выкарыстаньня інжынэрных боепрыпасаў і самаробных выбуховых прыладаў у ходзе правядзеньня розных баявых дзеяньняў. Таму вайскоўцы цэнтру штодзённа адсочваюць сытуацыю ва Ўкраіне і тым самым фармуюць невялікія справаздачы, якія далей выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы вайскоўцаў Узброеных сіл. Прынцыпы застаюцца нязьменнымі, аднак мяняюцца формы і спосабы, якія мэтазгодна выкарыстоўваць у дадзены момант», — падкрэсьліў Начальнік супрацьміннага цэнтру Ўзброеных сіл Беларусі Руслан Гірылюк.
11 жніўня стала вядома, што Ўкраіна пачала выкарыстоўваць для мінаваньня памежных зь Беларусьсю тэрыторый кіраваныя супрацьпяхотныя міны. Яны, паводле камандуючага Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргея Наева, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, складаюць ня менш як 20% ад усіх выкарыстаных мін на гэтым кірунку.
Украіна пачала ўмацоўваць мяжу зь Беларусьсю пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей. На тэрыторыю Ўкраіны яны ўвайшлі менавіта зь тэрыторыі Беларусі.
Пасьля разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі Ўкраіна яшчэ больш актывізавала працы па ўзмацненьні аховы ўкраінскай мяжы.
У ліпені паведамлялася, што на мяжы з Беларусьсю выкапалі больш за 40 кілямэтраў супрацьтанкавых равоў, стварылі больш як 30 тысяч разнастайных мінных пастак. Апроч таго, украінскія вайскоўцы разбураюць дарогі, якія вядуць да мяжы зь Беларусьсю і фармуюць замінаваныя лясныя завалы.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазвоў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.