Супрацоўнікі АМАПу, меркавана 11 жніўня, у вёсцы каля Наваполацку затрымалі былую старшыню незалежнага прафсаюзу ААТ «Нафтан» Вольгу Брыцікаву і страйкамаўца «Нафтана» Аляксандра Кухаронка, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Кухаронак — адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясьціў страйк на прадпрыемстве. Затрымалі таксама і жонку Аляксандра. Яны маюць непаўнагадовых дзяцей.
Вядома, што іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361 КК (Заклікі да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі). Ім пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка неаднаразова затрымлівалі ў 2020 — 2022 гадах і арыштоўвалі адміністрацыйна.
Вольга Брыцікава прапрацавала на «Нафтане» 16 гадоў, на момант падзей 2020-га была начальнікам аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. Падчас сходу калектыву 17 жніўня, на якім прысутнічала кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім», старшыня КДБ Іван Тэртэль, яна агучыла патрабаваньні працаўнікоў завода аб адстаўцы Лукашэнкі і чальцоў Цэнтравыбаркаму, вызваленьні затрыманых пратэстоўцаў, спыненьні гвалту з боку сілавікоў і расьсьледаваньні іх дзеяньняў, правядзеньні сумленных і празрыстых выбараў.
Пасьля Брыцікаву звольнілі, у 2020–2022 гадах яе неаднаразова арыштоўвалі. Летась Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак — зь іх вясной 75 сутак запар, некалькі дзён яна трымала галадоўку. Прычынай такога ўчынку стала парушэньне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.
Прафсаюз, першасную арганізацыю якога яна ўзначальвала, быў ліквідаваны Вярхоўным судом, як і ўсе іншыя незалежныя аб’яднаньні працоўных Беларусі.