З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ўлады пачалі актыўна перасьледаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Паводле дадзеных праваабаронцаў, агулам за 2022 год было затрымана ня менш як 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень. «Вясна» расказвае, зь якімі выпрабаваньнямі падчас адміністрацыйнага перасьледу сутыкнуліся беларусы летась, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і штрафавалі.
Колькасьць затрыманьняў за мінулы год
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у мінулым годзе было затрымана мінімум 6381 чалавек. Зь іх амаль паўтары тысячы — жанчыны, яшчэ каля пяці тысяч — мужчыны. Таксама вядома, што было затрымана ня менш за 15 непаўналетніх.
Геаграфія затрыманьняў
Большасьць затрыманьняў прыпала на Менск — 3334 чалавекі. Далей паводле колькасьці затрыманых ідуць Берасьцейская і Гомельская вобласьці —683 і 682 чалавекі. Менавіта ў гэтых рэгіёнах сілавікі актыўна перасьледуюць мясцовых жыхароў за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне, а таксама за фатаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі.
Адміністрацыйны перасьлед у 2022 годзе
«Вясна» мае зьвесткі пра мінімум 3272 судовыя рашэньні. Беларускія суды прызначылі ня менш за 938 штрафаў на агульную суму 888 224 рублі (амаль 325 тысяч даляраў). Таксама судзьдзі прызначылі мінімум 2274 арышты. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі 28 804 дні (амаль 78 гадоў). Пры гэтым, паводле дадзеных праваабаронцаў, з розных прычын спынілі толькі 47 спраў.
Самыя рэпрэсіўныя судзьдзі
Самыя працяглыя арышты ў 2022 годзе
Два гады ўлады актыўна выкарыстоўваюць «перазатрыманьні» для дадатковага ціску на затрыманых. Былыя арыштанты называюць гэта «карусэльлю» — калі чалавека не выпускаюць на волю пасьля «сутак», а перазатрымліваюць паводле новага пратаколу. Такім чынам людзей могуць утрымліваць за кратамі бяз сродкаў гігіены і зьменнай бялізны па некалькі месяцаў. Летась праваабаронцам стала вядома пра чатыры самыя гучныя такія выпадкі.
Уладзіслаў Багамольнікаў — 100 сутак арышту
Багамольнікаў — выкладчык Менскай духоўнай акадэміі, праваслаўны сьвятар. У 2020 годзе ён праводзіў службу на «плошчы Перамен» па Раману Бандарэнку, таксама Багамольнікаў абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня Ігара Лосіка. Сьвятар быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКу 31 жніўня і правёў на Акрэсьціна 100 сутак адміністрацыйнага арышту паводле сямі пратаколаў. Кожны раз яго судзілі за перасыл паведамленьняў з «экстрэмісцкіх» каналаў у прыватнай перапісцы. Вядома, што за кратамі Ўладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на ковід.
Вольга Брыцікава — 75 сутак арышту
Старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Брыцікаву першы раз затрымалі 27 лютага. Пасьля гэтага на яе склалі пяць пратаколаў паводле «народных» артыкулаў, па кожным зь якіх судзьдзя Зінаіда Балаболава прызначыла ёй па 15 сутак арышту. Пасьля 75 сутак Вольга выйшла на волю, але на пачатку лістапада яе затрымалі зноў. Двойчы запар ёй прысуджалі 15-суткавы арышт. Некалькі дзён Вольга трымала галадоўку. Прычынай такога ўчынку стала парушэньне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. За 2022 год Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак — зь іх вясной 75 сутак запар.
Андрэй Галавырын — 90 сутак арышту
Наваполацкага актывіста затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасьля гэтага над ім прайшлі шэсьць судоў за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП). Кожны раз судзьдзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпэртанічны крыз.
Віталь Енаровіч — 85 сутак арышту
Менчука затрымалі прыкладна ў сярэдзіне сакавіка і з таго часу каля 85 сутак утрымлівалі на Акрэсьціна. Вядома, што апошні суд па адміністрацыйнай справе адбыўся 31 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Справу тады разглядаў судзьдзя Сяргей Кацар. У Менскім гарадзкім судзе 12 сьнежня мужчыну асудзілі на два гады калёніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Наста Лойка — 60 сутак арышту
Праваабаронцу Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Да таго яна адбывала 30 сутак паводле двух іншых адміністрацыйных арыштаў. Пасьля затрыманьня зьявілася «пакаяльнае відэа», дзе Наста «прызнаецца» ў тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаваньне ад замежных арганізацый». Пасьля затрыманьня яе чатыры разы запар асудзілі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП. На адным з судоў праваабаронца расказвала пра катаваньні — супрацоўнік ГУБАЗіКу ўдарыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін. Напрыканцы сьнежня палітзьняволенай праваабаронцы выставілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў: вядома, што адзін зь іх — арт. 342 КК.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.