Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады пасьля выбараў 2020 году: мінімум 3645 чалавек асудзілі ў крымінальных справах з палітычных матываў. Статыстыка праваабаронцаў


Інсталяцыя «Клетка», прысьвечаная палітвязьням Беларусі. 7 ліпеня 2021 году, Вільня
Інсталяцыя «Клетка», прысьвечаная палітвязьням Беларусі. 7 ліпеня 2021 году, Вільня

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, вынікі якіх на карысьць Аляксандра Лукашэнкі сфальсыфікаваў Цэнтравыбаркам. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія ўлады жорстка здушылі. Кожны дзень у Беларусі сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек, б’юць, катуюць і адпраўляюць за краты.

За тры гады з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі ня менш за 3645 чалавек атрымалі прысуды паводле палітычна матываваных крымінальных справаў, 1440 зь якіх — за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Частку асудзілі завочна, пасьля таго, як людзі вымушана пакінулі Беларусь.

Проста цяпер у зьняволеньні ў жудасных умовах знаходзяцца прынамсі 1494 палітзьняволеныя, прыводзіць статыстыку перасьледаваны ўладамі праваабарончы цэнтар «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы падаюць нават большую лічбу палітвязьняў.

Кожны 11-ы палітвязень у Беларусі — жанчына. Палітвязьняў фактычна трымаюць у рэжыме «інкамунікада», не аказваюць мэдычнай дапамогі, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцары і штрафныя ізалятары, дзе створаны ўмовы, якія самі палітвязьні называюць катавальнымі, піша «Вясна» ў справаздачы.

Як найменей 528 чалавек асуджаныя за гэты час паводле дыфамацыйнага артыкулу 368 (абраза Лукашэнкі).

Наймаладзейшы палітвязень — 15-гадовы Арцём Вайцяховіч, які больш за 6 месяцаў у зьняволеньні і цяпер чакае суду. Арцём — брат адміністратара каналу «Live. Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Яго ўзялі пад варту паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу («вымаганьне»). Брату шлюць патрабаваньні спыніць дзейнасьць як умову вызваленьня Арцёма. Цяпер хлопца трымаюць у СІЗА на Валадарскага ў Менску. Неўзабаве над ім адбудзецца суд.

Найстарэйшая палітзьняволеная — 75-гадовая Натальля Таран, асуджаная на 3,5 года калёніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу Лукашэнкі, а таксама зьнявагу прадстаўніка ўлады.

33 чалавекі Лукашэнка памілаваў, 6 амніставаў.

За гэтыя тры гады непасрэдна за кратамі памерлі як мінімум тры чалавекі — Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч і Алесь Пушкін. Ад шэрагу палітвязьняў з-за кратаў доўгі час няма ніякай інфармацыі, таксама не даходзіць інфармацыя пра стан здароўя сотняў палітзьняволеных. У турмах адбываюцца зьдзекі за ўжываньне беларускай мовы, улады працягваюць дыскрымінацыю за нацыянальную мову беларусаў.

Паводле праваабаронцаў, за «парушэньне ўстаноўленага парадку» прынамсі 55 палітзьняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 28 распачалі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК.

Па зьвестках праваабаронцаў «Вясны», на волю выйшлі ня менш за 470 палітвязьняў, якія цалкам адбылі свой тэрмін. На волі іх паддаюць новаму перасьледу і ўціску, пра што расказаў, у прыватнасьці, праекту Свабода Premium былы палітзьняволены «вясновец» Леанід Судаленка.

Тысячы чалавек прайшлі празь зьняволеньне і сутыкнуліся зь нечалавечымі ўмовамі ўтрыманьня, дзясяткі тысяч беларусаў вымушана пакінулі краіну праз рэпрэсіі. Пры гэтым «Вясьне» ня менш за 1700 чалавек расказалі пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG