Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2022 годзе палітвязьняў асудзілі па крымінальных справах на 2501 год і тры месяцы. Болей страшных лічбаў — у справаздачы «Вясны»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» за мінулы год сабраў зьвесткі пра 1242 асобы, асуджаныя з палітычных матываў у крымінальным парадку.

Такія дадзеныя праваабаронцы прыводзяць у спэцыяльнай выніковай справаздачы.

Удакладняецца, што 942 «палітычныя» прысуды вынесьлі мужчынам, 300 — жанчынам.

Сумарны тэрмін зьняволеньня па крымінальных справах склаў 2501 год і 3 месяцы. На пазбаўленьне волі асудзілі 636 чалавек.

452 гады і 2 месяцы — сукупнае абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (такі від пакараньня прысудзілі 190 асуджаным).

893 гады і 6 месяцаў — агульнае абмежаваньне волі без накіраваньня ў у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (373 чалавекі).

24 асобам прызначылі арышт (разам 5 гадоў і 7 месяцаў), аднаго чалавека прыгаварылі да 6 месяцаў пазбаўленьня волі ўмоўна.

Для 12 фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў прысуд зьвёўся да штрафу. Агульная сума — 2380 базавых велічынь (на той час — 76 тысяч 160 рублёў). Штрафы ў якасьці дадатковага пакараньня атрымалі 144 чалавекі (агульная сума — 38 010 базавых велічынь, або каля 1 мільёна 216 тысяч 320 рублёў).

Шасьці асуджаным прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары, дзевяці — «прымусовае лячэньне нароўні зь іншымі відамі пакараньня».

Чатыром рэпрэсаваным разам з пазбаўленьнем волі забаранілі (сумарна на 20 гадоў) займаць пасады, «зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў». Аднаму (на пяць гадоў) — пасады, «зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах».

Двух чалавек, акрамя атрыманага тэрміну зьняволеньня, пазбавілі воінскіх званьняў (падпалкоўніка і старшага прапаршчыка ў адстаўцы).

Як зазначаецца ў справаздачы «Вясны», летась пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, прымянялася ў 51,21% выпадкаў. Абмежаваньне свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу выкарыстоўвалася ў 15,3% выпадкаў, без накіраваньня — у 30,03%.

«Такім чынам, у 2022 годзе пакараньне па палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем, у выглядзе арышту і прымусовых мер стацыянарнага характару суды прымянялі ў 98,95% выпадкаў асуджэньня фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў», — канстатуюць праваабаронцы.

Па іх падліках, самымі «папулярнымі» артыкуламі Крымінальнага кодэксу пры палітычным перасьледзе грамадзян летась сталі арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) — асуджана 379 чалавек, арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — асуджана 179, арт. 368 (абраза прэзыдэнта) — асуджана 86. Нароўні зь іншымі артыкуламі ў абвінавачаньні арт. 368 прымяняўся ў дачыненьні да 144 чалавек, арт. 342 — да 125.

Больш за ўсё «палітычных» прысудаў па крымінальных справах вынесьлі ў Менску (542). Па рэгіёнах лідзіруюць Берасьцейская і Гомельская вобласьці (па 166). Далей ідуць Горадзенская вобласьць (135), Менская (100), Магілёўская (68) і Віцебская (65).

Найчасьцей палітычна матываваныя рашэньні выносілі менскія судзьдзі: Тацяна Шоцік (асудзіла 20 чалавек), Сяргей Кацэр (19), Юлія Шут (17), Анастасія Ачалава (15), Сяргей Хрыпач (15), Дзьмітрый Карсюк (15).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG