Зарэчненскі раённы суд Ровенскай вобласьці пакараў трох беларусаў, якіх затрымалі 4 ліпеня з цыгарэтамі ў памежжы, максымальным штрафам у памеры 85 тысяч грыўняў (амаль 2,5 тысячы даляраў у эквіваленце).
Перад гэтым іх аштрафавалі за незаконнае перасячэньне мяжы і зьмясьцілі ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства для далейшага прымусовага выдварэньня за межы Ўкраіны.
Трох грамадзян Беларусі затрымалі ў Ровенскай вобласьці 4 ліпеня за 800 мэтраў ад мяжы. Паводле памежнікаў, беларусы перасеклі мяжу ў кірунку Гарадная (Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Вычаўка (Вараскі раён, Ровенская вобласьць). Гэта цяжкапраходны ўчастак зь лесам і балотам.
Аднаго зь беларусаў сьледзтва абвінаваціла ў стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі, якая займалася «крымінальнымі злачынствамі ў гаспадарчай дзейнасьці», а двух іншых — ва ўдзеле ў гэтай групоўцы.
Паводле вэрсіі сьледзтва, злачынствы заключаліся ў незаконным захоўваньні «незаконна вырабленых тытунёвых вырабаў з мэтай далейшага збыту ў населеных пунктах Ровенскай вобласьці, якія мяжуюць зь Беларусьсю».
Згодна з матэрыяламі справы, цыгарэты набывалі ў Беларусі і перавозілі ў лясны масіў, бліжэй да памежжа з Украінай, а адтуль уручную пераносілі на ўкраінскую тэрыторыю.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, беларусаў затрымалі разам з 6 тысячамі пачак цыгарэт «Minsk» і «Фэст». Паводле заканадаўства, затрыманы тытунь звычайна зьнішчаюць. Гэтым жа разам суд пастанавіў перадаць усе цыгарэты Ўзброеным сілам Украіны.
Беларусы пайшлі на зьдзелку са сьледзтвам, таму іх асудзілі паводле артыкулу аб незаконным набыцьці і збыце незаконна вырабленых тытунёвых вырабаў, які прадугледжвае штраф у памеры 85 тысяч грыўняў.