Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters. Яно спасылаецца на атрыманыя зь невядомай крыніцы доказы ўзлому, факт якога пацьвердзілі спэцыялісты па бясьпецы.
Як сьцьвярджае Reuters, у 2021 годзе «элітныя каманды хакераў», зьвязаныя з уладамі КНДР, у прыватнасьці ScarCruft і Lazarus, таемна ўкаранілі шпіёнскія праграмы ў сыстэмы «НПО машиностроения», штаб-кватэра якога разьмешчаная ў падмаскоўным Рэўтаве.
Празь некалькіх месяцаў пасьля гэтага Пхэньян абвясьціў пра шэраг дасягненьняў у сваёй праграме распрацоўкі балістычных ракетаў. Незразумела, ці зьвязана гэта з выкарыстаньнем нейкіх зьвестак, атрыманых у выніку ўзлому. Экспэрты, на думку якіх спасылаецца Reuters, лічаць, што гаворка ішла пра хакерскі ўзлом, да якога Пхэньян зьвярнуўся нават нягледзячы на тое, што падтрымлівае шчыльныя адносіны з Масквой. Агенцтва адзначае, што пра ўзлом стала вядома неўзабаве пасьля візыту ў Паўночную Карэю міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.
Хакеры мелі доступ да сетак «НПО машиностроения» з канца 2021 да траўня 2022 году, калі, як сьцьвярджаецца, узлом быў выяўлены. Расейская кампанія і прадстаўніцтвы Расеі і КНДР у ААН не адказалі на запыты Reuters пра камэнтар.
«НПО машиностроения», якое ўваходзіць у склад карпарацыі «Тактическое ракетное вооружение», зьяўляецца, у прыватнасьці, распрацоўнікам гіпэргукавой ракеты «Цыркон».