Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская: «Прашу знайсьці на канфэрэнцыі „Новая Беларусь“ ідэі, якія наблізяць нас да перамогі»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Палітык лічыць, што яна з калегамі «ня можа сабе дазволіць растрачваць давер». У верасьні яна абяцала даць агульную справаздачу.

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская выступіла з прамовай на закрыцьці слуханьняў прадстаўнікоў Кабінэту ў Каардынацыйнай Радзе:

«У верасьні мы працягнем гэтую практыку — адкрытых дэбатаў і шчырай размовы — я сустрэнуся з вамі, каб даць агульную справаздачу па працы Кабінэту і нашых плянах. Але я прапаную і вам, Каардынацыйнай Радзе, падрыхтаваць вашую справаздачу: што было зроблена, а што не ўдалося.

Перад намі шмат працы: заўтра мы з вамі праводзім канфэрэнцыю „Новая Беларусь“, і я хачу папрасіць прадстаўнікоў скарыстацца гэтай магчымасьцю для пабудовы кантактаў, пошуку новых ідэй, якія наблізяць нас да перамогі».

Ціханоўская адзначыла, што «пасьля мы адзначаем гадавіну выбараў 2020 году». Яна папрасіла «прыкласьці ўсе намаганьні, каб Беларусь гучала па ўсім сьвеце».

Прыярытэтам яна акрэсьліла вызваленьне палітвязьняў.

«Тут няма простага адказу ці пляну. Ёсьць розныя шляхі — і ўсе шляхі мы павінны разглядаць. Як мінімум трымаць гэтае пытаньне высока і падтрымліваць родных».

Палітык таксама сказала, што вельмі бы хацела, каб профільныя камісіі Каардынацыйнай Рады больш актыўна працавалі з камандамі прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Гэта могуць быць і рэгулярныя сустрэчы для абмену інфармацыяй, і супольныя кампаніі.

Што такое Каардынацыйная рада

Каардынацыйная рада створаная ў Менску ў 2020 годзе. Мэтай арганізацыі было пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі і абарона яе сувэрэнітэту і незалежнасьці. Арганізацыя цярпела ад перасьледу ўладаў. Частка людзей, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі, частка выехала за мяжу, яшчэ частка спыніла палітычную дзейнасьць.

9 жніўня 2022 году было прынята рашэньне аб рэарганізацыі Каардынацыйнай рады. Асноўнай яе задачай пасьля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі».

На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для новай Беларусі, Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і іншых арганізацыяў.

Другое скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023 г.) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР першага скліканьня (19 жніўня 2020 г.), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).

Тэрмін паўнамоцтваў другога скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.

Заяўлена, што дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць абіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG