Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Азараў прадставіў справаздачу перад Каардынацыйнай радай. Ягоныя словы пра «сабатаж у ByPol» выклікалі пратэст у залі


Яніна Сазановіч выказвае прэтэнзіі Аляксандру Азараву на паседжаньні Каардынацыйнай рады, 5 жніўня 2023 году
Яніна Сазановіч выказвае прэтэнзіі Аляксандру Азараву на паседжаньні Каардынацыйнай рады, 5 жніўня 2023 году

Справаздача прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту па аднаўленьні законнасьці і правапарадку прагучала 5 жніўня.

Аляксандар Азараў лічыць патрэбным праходжаньне паліграфу («дэтэктару хлусьні») ўсімі супрацоўнікамі сваёй арганізацыі. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што праходжаньне мае быць добраахвотным, паколькі так гаворыць закон. А парушаць польскае заканадаўства арганізацыя ня будзе.

Сярод пытаньняў, якія задавалі Азараву, прагучала і фінансавае. Ён адзначыў, што ён з калегамі працуе не дзеля грошай, бо ў іншым выпадку дзейнасьць арганізацыі цалкам згарнулася бы ў лютым, калі яе пазбавілі фінансаваньня.

«Я працягваю сваю працу і буду працягваць, незалежна ад гэтага моманту. Фактычна я прыйшоў у кабінэт як кіраўнік ByPol, і ўся арганізацыя аўтаматычна выконвала мае даручэньні ў Кабінэце».

Адказаў Азараў і на закіды аб тым, ці можна лічыць працу паўнавартаснай, калі ў ByPol адбыўся раскол. Ён заявіў, што, на яго думку, адбыўся не раскол, а «сабатаж».

Гэта выклікала рэпліку з залі ад прадстаўніцы праекту «Карнікі Беларусі» Яніны Сазановіч. Яна заявіла, што адбыўся менавіта раскол, і з прычыны дзеяньняў Азарава. Таксама яна сказала, што выпісала на аркуш усе спрэчныя эпізоды са справаздачы прадстаўніка АПК. Пасьля гэтага яна сышла з залі, дзе слухалі даклад.

Што такое Каардынацыйная рада

Каардынацыйная рада створаная ў Менску ў 2020 годзе. Мэтай арганізацыі было пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі і абарона яе сувэрэнітэту і незалежнасьці. Арганізацыя цярпела ад перасьледу ўладаў. Частка людзей, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі, частка выехала за мяжу, яшчэ частка спыніла палітычную дзейнасьць.

9 жніўня 2022 году было прынята рашэньне аб рэарганізацыі Каардынацыйнай рады. Асноўнай яе задачай пасьля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі».

На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для новай Беларусі, Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і іншых арганізацыяў.

Другое скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023 г.) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР першага скліканьня (19 жніўня 2020 г.), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).

Тэрмін паўнамоцтваў другога скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.

Заяўлена, што дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць абіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG