Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне школьнікаў будуць вучыць кіраваньню дронамі, міннай бясьпецы і першай мэдычнай дапамозе


Ілюстрацыйнае фота. Украінскія школьнікі
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія школьнікі

Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны ў верасьні запусьціць абноўленую школьную дысцыпліну «Абарона Ўкраіны», у якую ўключаць практычныя навыкі кіраваньня бесьпілётнікамі, наданьня першай мэдычнай дапамогі і міннай бясьпекі.

«Навыкі мэдычнай дапамогі і арыентаваньня на мясцовасьці спатрэбяцца ў паходах або крызісных сытуацыях. Веды ў міннай бясьпецы дапамогуць правільна абыходзіцца з выбуховымі прадметамі і зьберагуць жыцьцё і здароўе. А навыкі кіраваньня БПЛА выкарыстоўваюць відэографы, геадэзісты, археолягі і яшчэ мноства спэцыялістаў у сваёй прафэсійнай дзейнасьці», — адзначаюць у Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны.

Для пілётнага навучаньня міністэрства абярэ школы з розных рэгіёнаў Украіны, а для настаўнікаў плянуюць правесьці спэцыяльны курс з залучэньнем міжнародных і грамадзкіх арганізацый, якія маюць досьвед у навучаньні дарослых.

У расейскіх школах з 1 верасьня 2023 году зьменіцца праграма прадмету «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці» (АБЖ). У яе вернуць пачатковую вайсковую падрыхтоўку, якую прыбралі з школьнай праграмы ў дзевяностыя гады.

У падручніках АБЖ для Х клясаў новы блёк называецца «Элемэнты пачатковай вайсковай падрыхтоўкі». Іншыя блёкі падручніка, якія тычацца службы ў войску, таксама пашыраныя і забясьпечаныя дэталямі, у прыватнасьці, пра вайсковыя прафэсіі.

У падручніку для ХІ клясаў больш расказваецца аб прызыве на вайсковую службу. У выніку 45-хвілінных заняткаў у школьнікаў павінна ўтварыцца «сфармаванасьць расейскай грамадзянскай ідэнтычнасьці, патрыятызму, пачуцьця адказнасьці перад Радзімай», «ідэйная перакананасьць, гатоўнасьць да служэньня і абароны Айчыны, адказнасьць за яе лёс».

  • У Беларусі ўлады апошнім часам усур’ёз узяліся за вайскова-патрыятычнае выхаваньне дзяцей. З пачатку 2022 навучальнага году для школьнікаў стварылі амаль 20 вайскова-патрытычных клюбаў, а ў школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка.
  • Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, праводзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG