Беларускаму бюро транспартнага страхаваньня далі паўнамоцтвы на ўдзел ад імя Беларусі ў міжнародных сыстэмах страхаваньня — іншых, чым «Зялёная карта», а таксама на заключэньне пагадненьняў аб супрацы ў абавязковым страхаваньні цывільнай адказнасьці ўладальнікаў транспартных сродкаў, піша BPN.
Дакумэнт накіраваны на «ўрэгуляваньне адносін у страхаваньні цывільнай адказнасьці ўладальнікаў транспартных сродкаў пры выезьдзе за мяжу ва ўмовах выхаду Беларусі зь міжнароднай сыстэмы страхаваньня «Зялёная карта», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
«У сувязі з узброенай агрэсіяй з боку Расеі і Беларусі» з 5 красавіка 2022 году ва Ўкраіне ня лічацца сапраўднымі любыя сэртыфікаты «Зялёная карта», выдадзеныя расейскімі ці беларускімі страхавымі кампаніямі. Гэтаксама спынілася дзеяньне ўсіх украінскіх «зялёных картаў» на тэрыторыі Беларусі і Расеі.
Летам 2022 году да рашэньня Ўкраіны далучыліся краіны — чальцы Эўразьвязу і іншыя краіны кантынэнту — агулам больш за 30 дзяржаваў. Для Беларусі зрабілі адтэрміноўку да 1 чэрвеня 2023 году.
З 30 чэрвеня Генэральная асамблея сыстэмы «Зялёнай карты» прыпыніла сяброўства Беларусі ў ёй. Беларускія кіроўцы могуць аформіць «Зялёную карту» непасрэдна пры ўезьдзе ў краіны, якія застаюцца ўдзельніцамі сыстэмы.