Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я саўдзельнік злачынстваў». Расейскі вайсковец-дэзэртыр распавёў, як абстрэльваў Украіну зь Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота, пуск ракеты з ракетнага комплексу «Іскандэр»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота, пуск ракеты з ракетнага комплексу «Іскандэр»

Былы расейскі вайсковец, апэратар ракетнага комплексу «Іскандэр» Каміль, які дэзэрціраваў з войска і цяпер знаходзіцца ў Казахстане, распавёў выданьню «Новая газета Европа», як удзельнічаў у масавых ракетных абстрэлах Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Каміль служыў кантрактнікам у ракетнай частцы ва Ўлан-Удэ. У канцы 2021 году ягонае падразьдзяленьне накіравалася на вучэньні ў Беларусь. Паводле Каміля, «хадзілі чуткі сярод салдат і афіцэраў, што мы едзем на вайну». У Беларусі яны разгарнулі лягер на тэрыторыі беларускага артылерыйскага палігона і проста знаходзіліся там цэлы месяц, у ніякіх вучэньнях ня ўдзельнічалі. Каміль пільнаваў тэхніку.

Раніцай 24 лютага а 5-ай раніцы быў выкананы першы пуск ракеты, якая паляцела ў бок Украіны.

«Усё навокал афарбавалася ў чырвоны колер. Ракета ўзьнялася ўгору і паляцела кудысьці на поўдзень. Да мяне прыйшоў чалавек, які мяне павінен быў зьмяніць на дзяжурстве. І ён сказаў, што пачалася вайна», — расказвае Каміль і кажа, што для яго гэта было шокам.

Паводле Каміля, ягоныя саслужыўцы «ахвотна падтрымлівалі і падзялялі» дзеяньні расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне: нейкія злачынствы, магчымыя памылкі «не абмяркоўваліся ў прынцыпе», абмяркоўвалі толькі посьпехі. На фота разбураных украінскіх гарадоў саслужыўцы Каміля казалі, што, маўляў, «гэта кіеўская ўлада зрабіла».

«Калі я ўбачыў наступствы абстрэлаў, то яшчэ больш жахнуўся, бо зразумеў: я літаральна саўдзельнік гэтых злачынстваў», — дадае ён.

Паводле Каміля, апэратарскай працай, якую па сутнасьці мусіў выконваць ён, займаўся начальнік уліку. У брыгады Каміля было каля 15 пускавых установак, за ўвесь час яны выпусьцілі «каля 80-90 ракет», расказаў вайсковец.

Пасьля паўгода знаходжаньня ў Беларусі вайскоўцаў адпусьцілі ў адпачынак. Каміль паехаў у Цюмень пабачыцца з роднымі. А ў верасьні, з пачаткам мабілізацыі, вырашыў уцякаць з Расеі празь Беларусь. Цяпер Каміль у Казахстане, у Расею вяртацца не плянуе, пакуль «пуцінская ўлада не ўпадзе і пакуль не аб’явіць амністыю».

  • 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Улады ў Менску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў расейскай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы РФ, але «нікога не забіваючы».
  • Летась у ліпені Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
  • Сёлета 11 красавіка першы намесьнік міністра абароны Украіны Аляксандар Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тысяч вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тысячах бронемашын «зь беларускай мяжы ўварваліся» на тэрыторыю Кіеўскай вобласьці. На пачатку красавіка 2022-га захопнікі былі адтуль выгнаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG