Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала заканадаўчую ініцыятыву аб падаўжэньні ваеннага становішча яшчэ на тры месяцы.
Згодна з заканадаўствам Украіны ў пэрыяд ваеннага становішча праводзіць выбары забаронена. Тэрмін ваеннага становішча падоўжылі да 16 лістапада, а парлямэнцкія выбары павінны былі адбыцца сёлета ў кастрычніку — выбары, паводле адмысловага закону, праводзяцца ў апошнюю нядзелю кастрычніка пятага году паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады.
Апошнія парлямэнцкія выбары адбыліся ў ліпені 2019 году, пасьля таго як новаабраны прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі распусьціў Вярхоўную Раду ў першы дзень пасьля сваёй інаўгурацыі.
Паводле закону аб прававым рэжыме ваеннага становішча паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады будуць працягнутыя да дня першага пасяджэньня першай сэсіі парлямэнту, абранага пасьля скасаваньня ваеннага становішча.
Працяг ваеннага стану пакуль не закранае тэрмінаў прэзыдэнцкіх выбараў. Іх прызначае Вярхоўная Рада на апошнюю нядзелю сакавіка пятага году паўнамоцтваў прэзыдэнта. Такім чынам, чарговыя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней як 31 сакавіка. Але ў выпадку працягу ваеннага становішча і гэтыя выбары будуць скасаваныя, а паўнамоцтвы дзейнага прэзыдэнта працягнуць да новых выбараў, якія адбудуцца пасьля скасаваньня ваеннага становішча.