Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запрасіў расейскаму апазыцыйнаму палітыку Навальнаму 20 гадоў зьняволеньня па справе аб «экстрэмізьме»


Аляксей Навальны, архіўнае фота
Аляксей Навальны, архіўнае фота

Дзяржаўнае абвінавачваньне запатрабавала прысудзіць расейскаму апазыцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму 20 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі асаблівага рэжыму (па сукупнасьці прысудаў), паведаміў тэлеграм-канал Навальнага.

Прысуд палітыку абвесьцяць 4 жніўня.

У сваім апошнім слове Аляксей Навальны, у прыватнасьці, заявіў: «Не жадаючы абапірацца на нагу сумленьня, мая Расея зрабіла некалькі вялікіх скачкоў, расштурхоўваючы ўсіх вакол, але потым пасьлізнулася і з грукатам, руйнуючы ўсё вакол, павалілася. І боўтаецца цяпер у лужыне ці то бруду, ці то крыві, зь пераламанымі косткамі, з жабрачым, абрабаваным насельніцтвам, а вакол ляжаць дзясяткі тысяч загінулых у самай дурной і бессэнсоўнай вайне 21 стагодзьдзя. Але рана ці позна, вядома, зноў паднімецца. І ад нас залежыць, на што яна будзе абапірацца ў будучыні».

  • Суд супраць Аляксея Навальнага па справе аб «экстрэмізьме» пачаўся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 году. Яго абвінавацілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу РФ, сярод якіх «заклікі да экстрэмізму» і «рэабілітацыю нацызму». Працэс закрылі ад прэсы.
  • За апошні год у Навальнага не было ніводнага спатканьня са сваякамі, а патэлефанаваць блізкім яму ўдалося толькі двойчы за апошнія 11 месяцаў. Пры гэтым паводле закону ў год яму належацца тры працяглыя і тры кароткатэрміновыя спатканьні, а да таго ж сама меней 6 тэлефонных званкоў блізкім. Сваякі Навальнага падалі ў Канстытуцыйны суд Расеі калектыўны пазоў да папраўчай калёніі № 6, дзе ўтрымліваюць палітыка, з патрабаваньнем дазволіць спатканьні зь ім.
  • Аляксей Навальны пасьля атручваньня «Навічком» і лекаваньня ў Бэрліне вярнуўся на радзіму, дзе яго затрымалі проста пры перасячэньні мяжы ў аэрапорце і арыштавалі. Навальнаму замянілі ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальны на той падставе, што ён не адзначаўся ў інспэкцыі, пакуль быў у коме і лячыўся за мяжой. Адразу пасьля арышту і зьмены прысуду яго зноў судзілі — па справе аб паклёпе на вэтэрана, які зьняўся ў прапагандысцкім роліку за зьмену Канстытуцыі РФ. Палітык назваў удзельнікаў гэтага роліка «прадажнымі халуямі». Тады Навальнаму прысудзілі штраф, а адразу пасьля суду ўзмацнілі жорсткасьць крымінальнага артыкула за паклёп на вэтэранаў.
  • У сакавіку 2022 году Лефортаўскі суд Масквы прысудзіў Навальнаму 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму і 1,2 млн рублёў штрафу па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі. Суд палічыў, што Навальны і ягоныя калегі з ФБК незаконна зьбіралі ахвяраваньні і марнавалі іх на асабістыя патрэбы. Навальны адмаўляе сваю віну і называе справу палітычнай.
  • У канцы траўня апазыцыянэру прадʼявілі яшчэ адно абвінавачаньне — у стварэньні «экстрэмісцкай супольнасьці».
  • 22 траўня Навальнага 16-ы раз з пачатку тэрміну ў калёніі адправілі ў штрафны ізалятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG