Фільм «Навальны», зьняты канадзкім рэжысэрам Дэніэлам Роэрам, атрымаў прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакумэнтальны фільм».
Узнагароду, разам з рэжысэрам, атрымалі жонка, дачка і сын Аляксея Навальнага — Юлія, Дар’я і Захар.
«Мой муж сядзіць у турме, таму што гаворыць праўду. Мой муж у турме толькі за абарону дэмакратыі. Аляксей, я мару пра дзень, калі ты будзеш вольны і калі наша краіна будзе вольная», — заявіла Юлія Навальная.
Рэжысэр Дэніэл Роэр падзякаваў сямʼі палітыка і расьсьледнікам Bellingcat Хрысту Грозеву і ФБК Марыі Пеўчых.
«Дзякуй за вашу сьмеласьць. Увесь сьвет з вамі», — сказаў ён.
Пераможцам 95-й цырымоніі ўручэньня прэміі «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы фільм» стала карціна «Усё, усюды і адразу» (Everything Everywhere All at Once) рэжысэраў Дэніэла Квана і Дэніэла Шайнэрта. Усяго фільм атрымаў сем статуэтак, уключаючы прэміі за рэжысуру, а таксама за найлепшыя мужчынскую і жаночую ролі другога пляну (Ке Гуй Куан і Джэймі Лі Кертыс).
Прэмʼера «Навальнага» адбылася ў студзені 2022 года. Фільм расказвае пра падзеі, зьвязаныя з атручэньнем расейскага палітыка ў жніўні 2020 года, уключаючы лячэньне і рэабілітацыю Навальнага ў Нямеччыне, яго спробу расьсьледаваць тое, што здарылася, а таксама арышт палітыка па вяртаньні ў Маскву.
Дакумэнтальная стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы фільм на думку гледачоў на амэрыканскім фэстывалі незалежнага кіно Sundance. Пазьней паказ фільма «Навальны» адбыўся на амэрыканскім тэлеканале CNN, брытанскім тэлеканале BBC Two і стрымінгавым сэрвісе HBO Max. У лютым фільм стаў ляўрэатам прэміі BAFTA, галоўнай брытанскай узнагароды ў галіне кінамастацтва.
- У жніўні 2020 года Аляксея Навальнага атруцілі ў Томску нэрвова-паралітычным рэчывам клясы «Навічок». Незалежныя і замежныя расьсьледнікі і паплечнікі Навальнага лічаць, што да гэтага былі датычныя супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, і назвалі імёны ўдзельнікаў замаху, супрацоўнікаў ФСБ. Расейскія ўлады дачыненьне да атручэньня Навальнага катэгарычна адмаўляюць.
- Пасьля шматмесячнага лячэньня і рэабілітацыі ў Нямеччыне, у студзені 2021 года Навальны вярнуўся ў Расею. Адразу ж пасьля вяртаньня на пашпартным кантролі ў аэрапорце яго арыштавалі і адправілі спачатку ў СІЗА, а потым і ў калёнію.
- У Расеі пасьля вяртаньня Навальнага прайшло некалькі масавых акцыяў пратэсту, але яны прывялі толькі да шматлікіх крымінальных справаў. Таксама ўлады канчаткова разграмілі створаны Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй і яго рэгіянальныя штабы: яны былі прызнаныя экстрэмісцкімі арганізацыямі і забаронены. Дзясяткі паплечнікаў апазыцыянера зьехалі з Расеі, на многіх былі заведзены справы па розных артыкулах — ад экстрэмізму да ўцягваньня непаўналетніх у злачынную дзейнасьць.