Непагадзь 18 ліпеня прывяла да перабояў у электразабесьпячэньні 289 населеных пунктаў Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі.
Над іх ліквідацыяй працавалі 129 аварыйных брыгад і 147 адзінак тэхнікі. Паводле інфармацыі міністэрства, большую частку аднаўленчых работ яны завяршылі да 23:00.
Наступствы непагадзі «былі найбольш адчувальныя» ў Менскай, Гомельскай, і Магілёўскай абласьцях, «больш за ўсё пацярпелі» Маладачанскі, Рэчыцкі і Магілёўскі раёны адпаведна.
«Моцныя ліўні са шквалістым ветрам прывялі да падзеньня дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву, месцамі павалены апоры ЛЭП», — апісвае наступствы непагадзі Мінэнэрга.
Ведамства падкрэсьліла, што «энэргазабесьпячальныя арганізацыі вядуць пастаянны маніторынг мэтэаралягічнай абстаноўкі». «Мабілізаваны неабходныя сілы і сродкі для апэратыўнай ліквідацыі тэхналягічных парушэньняў у выпадку іх узьнікненьня», — гаворыцца ў паведамленьні.