У парлямэнце Грузіі 11-га скліканьня большасьць дэпутатаў, якія ўваходзяць у партыю «Грузінская мара», выказала давер новаму ўраду. Пленарнае пасяджэньне працягвалася каля 100 хвілін, піша грузінская служба Свабоды.
Новы ўрад падтрымалі 84 дэпутаты «Грузінскай мары». Ніхто не пярэчыў.
Ніхто з апазыцыйных дэпутатаў на паседжаньні не прысутнічаў — усе апазыцыйныя партыі называюць парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальшаванымі і не прызнаюць іх вынікаў. Пратэсты ў Тбілісі былі разагнаныя і спыніліся, апазыцыя абяцала «новую стратэгію» пратэсту.
У сваім выступе на пасяджэньні прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў пра жаданьне перазагрузіць адносіны з Эўразьвязам і адпрэчыў закіды апазыцыі ў прарасейскай пазыцыі ўраду.
Гаворачы пра Эўразьвяз, Кабахідзэ паўтарыў, што мэта ўраду — каб Грузія далучылася да Эўразьвязу да 2030 году, хаця Эўразьвяз мае свае ўмовы, якія Грузія будзе ўлічваць, калі гэта не супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны.
Напярэдадні лідэр кіроўнай партыі «Грузінская мара» алігарх Бідзіна Іванішвілі абвясьціў аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты колішняга футбаліста Міхэіла Кавэлашвілі.
Інаўгурацыя новавыбранага прэзыдэнта Грузіі чакаецца 29 сьнежня. Прэзыдэнта Грузіі цяпер будуць выбіраць не агульнанацыянальным галасаваньнем, а ў парлямэнце. Адпаведна, «Грузінская мара», якая мае большасьць у парлямэнце, мае найбольшы ўплыў на вызначэньне гэтай кандыдатуры. Цяперашняя прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі зьяўляецца апанэнтам кіроўнай партыі.
Летась у сьнежні Грузія атрымала статус кандыдаткі ў сябры Эўразьвязу. Аднак пасьля ўзмацненьня антызаходняй рыторыкі кіроўнай партыі ў Брусэлі заявілі пра замарожваньне працэсаў.
Форум