У Памежнай службе Малдовы паведамілі, што патрулі, якія працуюць на трох пунктах пропуску на мяжы з Украінай, чулі некалькі выбухаў.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, пункты пропуску праз паветраную трывогу вымушаныя былі спыніць сваю дзейнасьць з 08:05 да 09:20.
«Паводле зьвестак украінскіх уладаў, была атакаваная гідраэлектрастанцыя ў Новаднястроўску», — паведамілі ў памежнай службе Малдовы.
Расея раніцай 28 лістапада атакавала Ўкраіну 97 дронамі і 91 ракетай. У выніку больш за мільён украінцаў засталіся без электраэнэргіі. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што галоўнай мішэньню стала энэргетыка.
У Новаднястроўску Чарнавецкай вобласьці знаходзіцца найбольшая ў Эўропе Днястроўская гідраэлектрастанцыя. Сёлета ў сакавіку расейцы ўжо абстрэльвалі гэтую станцыю. Тады ўкраінцы зьбілі расейскія ракеты яшчэ на падлёце да станцыі, але ад выбуховай хвалі пацярпела адміністрацыйнае памяшканьне, а аскепкі ракет пашкодзілі водаправод, разьмешчаны недалёка ад дамбы.
Днястроўская ГЭС знаходзіцца на мяжы Чарнавецкай і Віньніцкай абласьцей недалёка ад Малдовы, а рака Днестар, на якой пабудаваная дамба, праходзіць па ўкраінска-малдоўскай мяжы.
Форум