Амэрыканскія рады па міжнароднай адукацыі (American Councils for International Education) пачалі прыём заявак ад беларусаў на ўдзел у шэрагу праграм «Фулбрайт».
Грамадзяне Беларусі, якія адпавядаюць крытэрам адбору, незалежна ад месца жыхарства, могуць падаць заяўкі на ўдзел у некалькіх адукацыйных праграмах ураду ЗША з поўным фінансаваньнем выдаткаў.
Для студэнтаў
Праграма «Фулбрайт» для замежных студэнтаў (The Fulbright Foreign Student Program) прапануе поўнае фінансаваньне на навучаньне ў амэрыканскіх унівэрсытэтах для атрыманьня ступені магістра. Грант пакрывае выдаткі на навучаньне, авіябілеты, а таксама ўключае штомесячную стыпэндыю, мэдычную страхоўку і візавую падтрымку (у тым ліку для чальцоў сям’і).
Падчас праграмы таксама ёсьць магчымасьць стажу ў амэрыканскіх арганізацыях. Акрамя беларускага грамадзянства, кандыдаты павінны мець закончаную вышэйшую адукацыю і выдатна валодаць ангельскай мовай. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.
Для навукоўцаў і дасьледчыкаў
Праграма «Фулбрайт» для навукоўцаў і дасьледчыкаў (The Fulbright Visiting Scholar Program) прапануе магчымасьць праводзіць дасьледаваньні ці чытаць лекцыі ў адным з унівэрсытэтаў ЗША на працягу 3–6 месяцаў. Кандыдат павінен працаваць ва ўнівэрсытэце або дасьледчай установе ў Беларусі ці іншай краіне, мець навуковую ступень кандыдата або доктара навук і добра валодаць ангельскай мовай.
Удзельнікі атрымліваюць фінансаваньне на міжнародныя пералёты, штомесячную стыпэндыю і дадатковыя адначасовыя выплаты на набыцьцё літаратуры, уладкаваньне на новым месцы, візавую падтрымку (у тым ліку для членаў сям’і), а таксама мэдычную страхоўку. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.
Для выкладчыкаў ВНУ
Праграма «Фулбрайт» для выкладчыкаў ВНУ (The Fulbright Faculty Development Program) прапануе прафэсійную стажыроўку на працягу аднаго сэмэстра без атрыманьня акадэмічнай ступені. Праграма ўключае знаёмства з адукацыйнымі курсамі, распрацоўку навучальных праграм, збор матэрыялаў, наведваньне канфэрэнцый, супрацу з амэрыканскімі калегамі, правядзеньне прэзэнтацый.
Удзельнікам аплачваюць міжнародныя і ўнутраныя пералёты, мэдычную страхоўку і штомесячную стыпэндыю. Кандыдат павінен быць выкладчыкам установы вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне, мець досьвед выкладаньня ня менш за два гады, вышэйшую адукацыю, а таксама добра валодаць ангельскай мовай. Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.
Праграма Г’юберта Гамфры
Праграма стыпэндый Г’юберта Гамфры (Hubert H. Humphrey Fellowship Program) дае магчымасьць навучацца ва ўнівэрсытэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафэсійнае майстэрства ў ЗША на працягу году без атрыманьня акадэмічнай ступені. Кандыдаты павінны мець вышэйшую адукацыю, ня менш за 5 гадоў досьведу працы ў адпаведнай галіне, добра валодаць ангельскай мовай, а таксама дэманстраваць лідэрскія якасьці і імкненьне прыносіць карысьць грамадзтву.
Праграма аплачвае міжнародныя пералёты, кошт навучаньня ва ўнівэрсытэце, мэдычную страхоўку, а таксама штомесячную стыпэндыю і аднаразовыя выплаты. Праграма таксама прапануе візавую падтрымку (у тым ліку для чальцоў сям’і). Дадатковую інфармацыю і онлайн-анкету можна знайсьці па спасылцы.
- Заяўкі на гэтыя праграмы прымаюцца да 23:59 (па менскім часе) 3 верасьня 2023 году.
- Праграмы даступныя для ўсіх грамадзян Беларусі, якія адпавядаюць патрабаваньням, незалежна ад цяперашняга месца жыхарства.
- Дадатковая інфармацыя пра гэтыя і іншыя адукацыйныя магчымасьці — на сайце Амэрыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі.
- Пытаньні можна накіраваць на электронную пошту belarus@americancouncils.org.