Студэнтку юрыдычнага факультэту адной з ВНУ Беларусі адлічылі перад абаронай за тое, што яна нібыта купіла дыплёмную працу з спасылкамі на «экстрэмісцкія матэрыялы», паведамляе Zerkalo са спасылкай на апублікаванае ў тэлеграм-канале сілавікоў 17 ліпеня відэа з затрыманай дзяўчынай.
У роліку, апублікаваным на тэлеграм-канале сілавікоў, дзяўчына расказала, што вучылася на чацьвёртым курсе па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».
Яна паведаміла, што ў яе дыплёмнай працы выкарыстаныя крыніцы, прызнаныя беларускім заканадаўствам «экстрэмісцкімі». Дзяўчына расказала, што працу сама не пісала, а купіла ў нейкай кампаніі.
Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал падкрэсьліў, што пытаньні да крыніц нібыта ўзьніклі на стадыі допуску і рэцэнзаваньня, а сапраўднаму аўтару працы «давядзецца адказаць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».