Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія навучальныя праграмы і стыпэндыі цяпер дасяжныя маладым беларусам. Парады прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі «Рада»


Беларуская нацыянальная моладзевая рада
Беларуская нацыянальная моладзевая рада

Па словах актывістаў, сярод маладых беларусаў рэзка вырасла цікавасьць да роднай мовы і культуры.

Беларуская нацыянальная моладзевая рада, якая скарочана так і называецца, «Рада», — добраахвотны саюз беларускіх моладзевых арганізацый і ініцыятываў, які быў утвораны ў 1992 годзе для кансалідацыі дзейнасьці моладзевых арганізацый у сфэры прадстаўленьня, прасоўваньня і абароны іх інтарэсаў.

Каардынатар адукацыйнага кірунку «Рада» Зьміцер Радзіеўскі кажа, што сытуацыя зь нефармальнай адукацыяй унутры Беларусі пасьля 2020 году складаная. Галоўнае пытаньне цяпер — бясьпека ўдзельнікаў і ўдзельніц усіх адукацыйных праграмаў.

«Арганізацыі нефармальнай адукацыі пачалі выбіраць два шляхі. Першы — рабіць ананімныя, максымальна бясьпечныя праграмы для ўдзелу онлайн. Тады сюды можна падключацца, не залежна ад таго, дзе знаходзяцца людзі. Другі — рабіць праграмы, дзе людзі праходзяць вельмі строгі адбор, вэрыфікацыю, неабходныя нейкія рэкамэндацыі ад спэцыялістаў і спэцыялістак са сфэры актывізму і НДА».

Зьміцер Радзіеўскі
Зьміцер Радзіеўскі

Зьміцер Радзіеўскі дадае, што цяпер офлайнавыя магчымасьці ўнутры Беларусі застаюцца толькі для закрытых супольнасьцяў.

Цяпер у «Радзе» ідзе некалькі адукацыйных праграмаў. Адна зь іх — «Акадэмія першых». Сёлета яе аднавілі ў новым фармаце, кажа суразмоўца.

«Цяпер яна зьяўляецца наборам розных кароткіх онлайн-інтэнсіваў, якія будуць праводзіцца на працягу году ў розных тэмах: праца ў камандзе, прасоўваньне сваёй дзейнасьці, праца з СММ і піярам, плянаваньне дзейнасьці, праектны мэнэджмэнт і г.д. Падысьці яна можа прадстаўнікам і прадстаўніцам ініцыятываў і арганізацый, а таксама любым актыўным маладым людзям, якія хочуць прапампаваць свае навыкі ў гэтых тэмах, бо праграма разьлічана і на разбор базавай інфармацыі, і на вывучэньне больш глыбокае».

Каманда «Рады»
Каманда «Рады»

Таксама цяпер даступныя відэалекцыі на тэму «Палітыка ў двух словах», дзе можна вывучыць базавыя прынцыпы ідэалёгіі, кажа Зьміцер Радзіеўскі. Па яго словах, сёлета актыўна пачала рэалізоўвацца праграма па разьвіцьці трэнэрскага патэнцыялу.

«Мы разумеем, што ў апошнія гады практычна не было школ, якія навучалі адукатараў і адукатарак, трэнэраў і трэнэрак, таму для сябе мы бачым гэта як неабходнае ўкладаньне сіл у разьвіцьцё будучага сэктару. Мы хочам падрыхтаваць людзей, якія здольныя перадаваць веды і ўменьні новым пакаленьням. Таму на працягу году ў нас будзе працаваць вялікая праграма па разьвіцьці спэцыялістаў і спэцыялістак у сфэры нефармальнай адукацыі».

Курс будзе арыентаваны на практыку, абяцае Зьміцер Радзіеўскі. Падчас яго можна будзе паспрабаваць самому падрыхтаваць сваю першую праграму адукацыйнага мерапрыемства, камунікаваць з экспэртамі і экспэрткамі, а пад канец атрымаць тэставы шаблён свайго працоўнага інструмэнту.

Таксама можна падпісацца на рассылку «Рады» з адукацыйнымі магчымасьцямі.

«Вельмі вырасла цікавасьць да вывучэньня беларускай мовы і культуры»

Сёлета на пачатку году «Рада» правяла вялікае онлайн-апытаньне на тэму нефармальнай адукацыі. Арганізацыя хацела вывучыць, што цікава моладзі, у якія фарматы яна гатовая ўключацца, зь якімі складанасьцямі сутыкнулася ў сваёй уключанасьці, кажа Зьміцер Радзіеўскі.

«Нам удалося сабраць 176 адказаў на працягу месяца, але была якасная разьбіўка. Напрыклад, у разрэзе па месцы знаходжаньня людзей атрымалася 50% тых, хто жыве ў Беларусі, і 50%, хто за межамі. Па ўзросьце мы трапілі менавіта ў нашу мэтавую аўдыторыю — моладзь да 35 гадоў. Таксама нам удалося ахапіць ня толькі актывістаў і актывістак, прадстаўнікоў і прадстаўніц ініцыятываў, арганізацый, але і людзей, якія ніяк не зьвязаныя цяпер са сфэрай НДА і актывізму».

Адной з самых папулярных тэмаў, якія б хацела вывучаць моладзь, аказалася разьвіцьцё «мяккіх навыкаў» — крэатыўнасьць, эмацыйны інтэлект, эфэктыўная камунікацыя, кажа суразмоўца.

«Таксама вельмі вырасла цікавасьць да вывучэньня беларускай мовы і культуры. Увогуле, тэмы, якія мы падавалі, атрымалі вялікі водгук, нідзе не было менш за 40% — і гендэрная роўнасьць, і правы чалавека, і палітычная граматнасьць, і прававая бясьпека. Усе тэмы адгукаліся людзям».

Па словах Радзіеўскага, самым важным крытэрам у матывацыі ўдзелу для людзей былі падрабязная інфармацыя пра курс на этапе анонсу, краіна правядзеньня, меры бясьпекі. Таксама апытаньне паказала, што людзі больш гатовыя да кароткатэрміновых праграмаў, чым да доўгатэрміновых.

«Пры гэтым мы думалі, што за апошнія два гады ўсе стаміліся ад онлайну і, хутчэй за ўсё, хочуць офлайн. Але, паводле нашага апытальніка, 60% людзей гатовыя да ўдзелу як онлайн, так і офлайн. А 40%, якія засталіся, падзяліліся пароўну ў выбары паміж онлайн- і офлайн-фарматам. Улічваючы іншыя адказы, людзі хутчэй арыентуюцца на тое, што канкрэтна прапануецца, якая праграма, які кірунак».

«Варта паводзіць сябе больш бясьпечна»

Сакратар «Рады» Зьміцер Герыловіч кажа, што для беларускай моладзі, якая застаецца ў Беларусі, існуюць магчымасьці падавацца на гранты, стыпэндыі па-за межамі краіны.

«Тут трэба разумець правілы гэтых праграмаў, бо шмат у якіх вы ня можаце ўдзельнічаць асобна, павінна быць арганізацыя, ад імя якой вы едзеце. Па-першае, ёсьць арганізацыі, якія дагэтуль удзельнічаюць у праектах партнэрамі European Solidarity Corps — гэта праграмы абмену досьведам і стажыровак. І імі можна скарыстацца».

Зьміцер Герыловіч
Зьміцер Герыловіч

Зьміцер Герыловіч таксама раіць падпісацца на розныя суполкі ў тэлеграме, якія публікуюць такую інфармацыю. Напрыклад, «Твае магчымасьці», Sekktor.

«Другі рэсурс, — Salto-youth, — гэта агрэгатар розных трэнінгавых ініцыятываў, адукацыйных, якія ідуць у межах розных праграмаў падтрымкі моладзевай мабільнасьці і набыцьця новых ведаў, таму вельмі раю».

Трэці рэсурс, які раіць Зьміцер, — Erasmus Plus.

«Цяпер дасяжныя толькі тыя праграмы, удзел у якіх можа быць толькі асабісты, а не празь нейкія структуры, унівэрсытэты, як гэта раней было, калі можна было зьехаць на паўгода на стаж ці абмен у іншы ўнівэрсытэт».

Герыловіч дадае, што ня ведае выпадкаў, каб людзі траплялі пад нейкія рэпрэсіі за тое, што ўдзельнічалі ў замежных адукацыйных праграмах.

«У мэтах перасьцярогі можна проста не выкладаць здымкі зь мерапрыемства ў нейкія групы, быць пільнымі, фатаграфуючыся зь людзьмі, якія, на вашую думку, могуць кампрамэтаваць вас нейкім чынам. Калі хочацца большай засьцярогі, то варта проста паводзіць сябе больш бясьпечна».

Для моладзі за мяжой падыходзяць амаль усе тыя ж самыя праграмы і стажаваньні, як і для маладых людзей унутры краіны, але іх больш, кажа суразмоўца.

«Ад таго, што цяпер беларускія арганізацыі грамадзкай супольнасьці пад рэпрэсіямі, частка зь іх зьліквідаваная, частка яшчэ не зарэгістраваная за мяжой, то, безумоўна, колькасьць магчымасьцяў для беларусаў і беларусак езьдзіць празь іх прадстаўніцтва абмежаваная. Але калі вы пражываеце ў Польшчы, Чэхіі ці Літве, то, хутчэй за ўсё, мясцовыя арганізацыі будуць набіраць на ўдзел у розных трэнінгах, і значна больш шанцаў паехаць ад іх».

Тое самае тычыцца стажаў, праграмаў абмену ва ўнівэрсытэтах. Напрыклад, Erasmus Plus, калі вы вучыцеся ў эўрапейскім унівэрсытэце, вам дакладна будзе дасяжны, дадае Зьміцер Герыловіч. Ёсьць і асобныя стыпэндыяльныя праграмы.

«Адна зь іх — SALT. Ужо два наборы былі, а трэці будзе гэтым летам. Каля 150–200 стыпэндый будуць разьмяркоўвацца сярод беларускіх студэнтаў і студэнтак, якія падаюцца і трапляюць ва ўнівэрсытэты чатырох краін: Чэхіі, Польшчы, Літвы, Латвіі. Сачыце за навінамі, бліжэй да лета будуць анонсы. Заўжды можна напісаць нам, мы з радасьцю падзелімся такой інфармацыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG