У 2021 годзе Нямеччына пры падтрымцы нацыянальнай службы акадэмічных абменаў DAAD і Міністэрства замежных спраў ФРН запусьціла Hilde Domin-Programm. Да 2027-га на яе фінансавую падтрымку было накіравана 8,6 мільёна эўра. Праграма носіць імя вядомай нямецкай пісьменьніцы і паэткі габрэйскага паходжаньня Хільды Домін, якая была вымушана ўцякаць з краіны ў 1930-я гады.
1. Хто можа стаць удзельнікам
Як паведаміў Свабодзе дырэктар праграмы стыпэндыяў для Поўдня Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) Крыстыян Гюльсгёрстэр стыпэндыя прызначана для студэнтаў і навукоўцаў з краін, што не ўваходзяць у Эўразьвяз, якія больш ня могуць працягваць вучобу ў краіне свайго паходжаньня праз палітычны перасьлед.
2. Патрабаваньні да кандыдатаў
Кандыдату павінна быць ня менш за 18 гадоў. Акрамя таго, на момант падачы заявы павінна прайсьці ня больш за два гады з даты набыцьця права на атрыманьне вышэйшай адукацыі, калі заява падаецца на праграму бакаляўра, або з даты заканчэньня ВНУ, калі размова ідзе аб навучаньні ў магістратуры або асьпірантуры. Больш падрабязна аб патрабаваньнях да кандыдатаў можна пазнаёміцца на сайце праграмы.
3. Па якіх напрамках вядзецца вучоба
Стыпэндыятам дадуць магчымасьць прайсьці навучаньне ў нямецкіх ВНУ па выбранай імі спэцыяльнасьці або скончыць працу над кандыдацкай дысэртацыяй. Удзельнічаць у праграме могуць студэнты і асьпіранты ўсіх навучальных напрамкаў, акрамя мэдыцыны і вэтэрынарнай справы. Стаць удзельнікам праграмы можа і той, хто ўжо праходзіць навучаньне ў нямецкіх ВНУ і жыве ў гэтай краіне. Асабліва гэта датычыцца студэнтаў, якім небясьпечна зараз вяртацца на радзіму, падкрэсьліваюць у DAAD.
4. Якія выдаткі пакрываюцца праграмай
Для бакаляўрскіх і магістарскіх аддзяленьняў прадугледжана стыпэндыя памерам 930 эўра, для доктарскага — 1200 эўра на месяц. Акрамя таго, стыпэндыятам пакрываюцца выдаткі на візу, дарожныя квіткі ў Нямеччыну, мэдычная страхоўка, курсы нямецкай мовы.
5. Колькі доўжыцца вучоба
Для тых, хто будзе навучацца па бакаляўрскай праграме, максымальны тэрмін выплат складае 4 гады, а для студэнтаў магістратуры — 3 гады. Доктарскія праграмы разьлічаны на 4 гады.
6. Ці абавязкова валодаць нямецкай мовай
Як падкрэсьліў Крыстыян Гюльсгёрстэр, веданьне нямецкай мовы не абавязковае, спаборніку дастаткова ведаць ангельскую на ўзроўні B2.
7. Як падаваць заяўку на стыпэндыю
Згодна з умовамі праграмы, спаборнік ня можа падаваць заяўку сам — яго кандыдатуру павінна вылучыць ВНУ Нямеччыны або іншая нямецкая арганізацыя, якая працуе ў сфэры навукі, адукацыі або абароны правоў чалавека. Па дадзеных прэсавай службы, зараз разглядаюцца заяўкі ад студэнцкіх арганізацый з фокусам «Усходняя Эўропа», Amnesty International і ВНУ-партнэраў Нямецкай службы акадэмічных абменаў. Толькі пасьля папярэдняй праверкі заяўкі DAAD зьвяжацца з кандыдатам і папросіць запоўніць фармуляр ужо на сваім онлайн-партале. Намінаваць кандыдата і падаць заяўку можна ў любую пару году.
8. Якія патрэбны дакумэнты
Прадстаўнік DAAD зазначыў, што ў выпадку Беларусі пісьмовае пацьвярджэньне пагрозы з боку рэжыму не патрэбна, дастаткова матывацыйнага ліста. Патрабуюць таксама школьны дыплём і, пры наяўнасьці, дыплём беларускай ВНУ. Канчатковае рашэньне аб выдачы стыпэндыі прымае незалежная камісія DAAD. Пры гэтым будзе ўлічвацца і мінулая акадэмічная пасьпяховасьць. Да пакета дакумэнтаў трэба будзе таксама прыкласьці рэзюмэ і запоўнены фармуляр заяўкі на праграму.
9. Ці можна перавезьці чальцоў сям’і
Паведамляецца таксама, што стыпэндыят зможа прывезьці з сабой мужа ці жонку, а таксама дзяцей. У гэтым выпадку можна будзе атрымаць надбаўку да стыпэндыі. У пэрыяд праходжаньня навучаньня таксама дазволена падпрацоўваць, але ня болей за 18 гадзін на тыдзень.
10. Што пасьля стыпэндыі
Пасьля пасьпяховага атрыманьня нямецкага дыплёма стыпэндыят не павінен тэрмінова пакідаць тэрыторыю краіны. Згодна зь дзейным заканадаўствам, яму даецца 18 месяцаў на пошук сталай працы ў Нямеччыне. У выпадку, калі за гэты тэрмін ён здолеў працаўладкавацца, яму выдаецца нацыянальная віза тэрмінам на пяць гадоў.
За тры апошнія гады ўжо 21 беларускі студэнт атрымаў стыпэндыю ў рамках Hilde Domin-Programm. Зь іх амаль 80% паступілі ў бакаляўрыят, астатнія 20% — у магістратуру. Прадстаўнік DAAD зазначыў, што большасьць беларускіх спаборнікаў выбіралі інжынэрныя спэцыяльнасьці. Сярэдні ўзрост беларускага стыпэндыята складае 20-21 год.