Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны патрабаваць вызваленьня палітвязьняў у Беларусі». «Хросная» Алеся Пушкіна зьвярнулася да ўраду Швэцыі


Каміла Хансэн, архіўнае фота
Каміла Хансэн, архіўнае фота

Каміла Хансэн, дэпутатка швэдзкага парлямэнту ад партыі «Зялёных», якая была сымбалічнай «хроснай» палітвязьня Алеся Пушкіна і адмыслова апекавалася ім за кратамі, адказала на пытаньні Свабоды з нагоды сьмерці зьняволенага мастака.

Каміла Хансэн выказала спачуваньні родным і блізкім Алеся Пушкіна, а таксама «ўсім беларусам, якія змагаюцца за свабодную і дэмакратычную Беларусь, рэалізуючы свае асноўныя правы чалавека».

Яна адзначыла, што пісала Алесю Пушкіну лісты ў турму, але ніколі не атрымлівала адказу і «ніякіх прыкметаў таго, што яны былі атрыманыя».

«Цяпер трэба зрабіць так, каб больш ніхто не паміраў у турмах, каб усе палітвязьні былі вызваленыя і каб свабодная і дэмакратычная Беларусь стала рэальнасьцю. Для парлямэнтароў быць сымбалічнымі хроснымі бацькамі — гэта адзін са спосабаў пашыраць веды пра сытуацыю ў Беларусі ў сваіх краінах і працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі», — сказала Каміла Хансэн.

Швэдзкая дэпутатка расказала, што ў сувязі са сьмерцю Алеся Пушкіна і бягучай 53-й сэсіяй Рады ААН па правах чалавека яна даслала пісьмовы запыт ураду Швэцыі з пытаньнямі пра тое, якія канкрэтныя захады міністар замежных спраў Тобіяс Більстрэм і ўрад Швэцыі маюць намер зрабіць у бліжэйшай і доўгатэрміновай пэрспэктыве для выкананьня рэкамэндацый Спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі.

Пісьмовы адказ на сваё пытаньне Каміла Хансэн мае атрымаць 27 ліпеня. Яна адзначыла, што зрабіла гэта, каб пераканацца, што Швэцыя зробіць свой унёсак у змаганьне за дэмакратыю і выкананьне правоў чалавека ў Беларусі.

«Больш людзей павінны ведаць пра жудаснае становішча палітвязьняў у Беларусі, і ўсе дэмакратычныя краіны павінны патрабаваць, каб кожны палітвязень быў вызвалены», — падкрэсьліла Каміла Хансэн.

Яна таксама заклікала ўсіх, хто хоча ўшанаваць памяць Алеся Пушкіна і падтрымаць іншых беларускіх палітвязьняў, распаўсюджваць інфармацыю пра іх становішча, патрабаваць іх вызваленьня і дасылаць запыты ўрадам сваіх краінаў пра тое, што яны робяць для падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі спэцдакладчыка ААН.

  • Алесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да сьмерці.
  • 11 ліпеня ён памёр у рэанімацыі горадзенскай лякарні пры нявысьветленых абставінах. Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле крыніцы Свабоды, Пушкіна даставілі ў шпіталь непрытомнага, яму рабілі апэрацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG