Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбывалася з Алесем Пушкіным апошнія 2,5 года і хто за гэта адказны. Хроніка


Алесь Пушкін. Архіўнае фота Янака Коўзеля
Алесь Пушкін. Архіўнае фота Янака Коўзеля

11 ліпеня загінуў мастак і палітзьняволены Алесь Пушкін. Да сьмерці ў рэанімацыі шпіталя ён адбываў пакараньне ў горадзенскай «крытай» турме.  Свабода ўзгадвае падзеі, празь якія праходзіў Алесь Пушкін пасьля затрыманьня за карціну.

19 сакавіка 2021 году — адкрылася выстава Алеся Пушкіна ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні.

22 сакавіка 2021 году — на выставу завітала прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава і зьняла відэа пра яе.

26 сакавіка 2021 году — пракуратура Горадні завяла крымінальную справу аб «распальваньні варожасьці» на Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйку, кіраўніка пляцоўкі, дзе праходзіла выстава. Прычынай стала карціна Пушкіна з выявай антысаветчыка Яўгена Жыхара, якая нібыта знаходзілася на выставе. Пра крымінальную справу Пушкін даведаўся, калі быў у Кіеве, але адразу ж вярнуўся ў Беларусь. Саму карціну сілавікі так і не знайшлі. Пракурорам Горадні быў тады Ўладзімер Клішын.

Алесь Пушкін і тая самая карціна зь героем антысавецкага супраціву Яўгенам Жыхарам
Алесь Пушкін і тая самая карціна зь героем антысавецкага супраціву Яўгенам Жыхарам

30 сакавіка 2021 году — Алеся Пушкіна затрымалі супрацоўнікі МУС у вёсцы Жылічы Магілёўскай вобласьці падчас рэстаўрацыі царквы. Пушкін адмовіўся прайсьці зь міліцыянтамі, яго вынесьлі на руках. Даставілі ў СІЗА горадзенскай турмы. Адтуль на «Валадарку». Начальнікам СІЗА №1 тады быў Андрэй Цэдрык.

Верасень 2021 году — Пушкін адмовіўся пісаць просьбу аб памілаваньні.

Што адбывалася з Алесем Пушкіным апошнія 2,5 года і хто за гэта адказны. Хроніка
Што адбывалася з Алесем Пушкіным апошнія 2,5 года і хто за гэта адказны. Хроніка

Лістапад 2021 году — Пушкіна накіравалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі.

25 сакавіка 2022 году — Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту ў карцары на «Валадарцы».

У той пэрыяд над ім ішоў суд. Як расказаў газэце «Новы час» адзін зь вязьняў, Пушкін пранёс у карцар лязо ад аднаразовага станка і выразаў на Дзень Волі на сваім целе ад грудзей да пояса вялікі крыж. Дзяжурныя ўбачылі гэта на маніторы і пабілі Пушкіна гумовымі дручкамі.

Паводле крыніцы, салдаты ўнутранай службы «Валадаркі» «білі хвостка і рабілі акцэнт на баявых прыёмах», каб не пакідаць гематомы. Білі па пятах: гэты ўдар цяжка зафіксаваць, але ён «выдатна аддае ва ўнутраныя органы, асабліва ныркі». Калі на целе зьявіліся крывавыя раны, Пушкіна панесьлі да мэдыкаў. Лекар зашыў і апрацаваў парэзы.

Алесь Пушкін за адной з работ
Алесь Пушкін за адной з работ

30 сакавіка 2022 году — Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму. Судзьдзя — Алена Шылько. Пракурор — Аляксандар Кароль. Падчас прысуду Пушкін разьдзеўся і паказаў крыж на целе. Атрымаў за гэта 13 дзён карцару. Экспэртнае заключэньне па партрэце Жыхара зрабілі ў 2021 годзе выкладчыкі Горадзенскага ўнівэрсытэту Вадзім Хілюта (катэдра крымінальнага права) і Сьняжана Семярнік (катэдра філязофіі).

15 красавіка 2022 году — Пушкіна этапавалі ў калёнію № 22 «Воўчыя норы» каля Івацэвічаў Берасьцейскай вобласьці. У калёніі мастака моцна прэсавалі за беларускую мову, кідалі за дробныя парушэньні ў штрафны ізалятар. Начальнікам «Воўчых нораў» у 2022 годзе спачатку быў Сяргей Рэчыц, а потым стаў Віктар Сьвірыд. Паводле крыніцаў Свабоды, апошні прымаў рашэньні, якія спрычыніліся да пераводу Пушкіна на турэмны рэжым.

Чэрвень 2022 году — ад Пушкіна прыйшоў першы ліст родным з калёніі. Ён паведаміў, што ў калёніі яшчэ горш, чым на «Валадарцы». Званкі сваякам дазвалялі рэдка і кароткія, каля хвіліны.

Адзін з мастацкіх пэрформансаў Алеся Пушкіна
Адзін з мастацкіх пэрформансаў Алеся Пушкіна

Жнівень 2022 году — стала вядома, што адміністрацыя калёніі № 22 зьмясьціла Пушкіна на 5 месяцаў у ПКТ зь невядомых прычын. Жонка Яніна Пушкіна расказвала на падставе лістоў і званкоў ад мужа, што са здароўем у Алеся, «здаецца, усё ў парадку».

11 лістапада 2022 году — Алеся Пушкіна вырашылі перавесьці на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Рашэньне агучыў судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч.

22 лістапада 2022 году — Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1. Яе начальнік — Павал Казакоў. Начальнік мэдычнай часткі горадзенскай турмы — Віктар Лутцаў. Пасьля пераводу Пушкіна ў Горадню ў публічнай прасторы пра ягоны стан не зьяўлялася ніякіх навінаў.

8 ліпеня 2023 году — у апошнім лісьце, які прыйшоў ад Пушкіна на волю, ён напісаў, што страціў 22 кіляграмы (схуднеў з 102 да 80 кг) і застудзіў паясьніцу, прасіў ваўняны пояс. Боль у паясьніцы мог быць зьвязаны з хваробай нырак.

10 ліпеня 2023 году — у Горадні пачалі судзіць былую адвакатку Алеся Пушкіна Юлію Юргілевіч. Яе вінавацяць, сярод іншага, у тым, што яна «зьліла» «Белсату», які рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкім», інфармацыю пра Алеся Пушкіна. Судзьдзя ў справе Юргілевіч — Максім Філатаў.

Алесь Пушкін за аўтапартрэтам
Алесь Пушкін за аўтапартрэтам

Ноч на 11 ліпеня 2023 году — Алеся Пушкіна, паводле некалькіх крыніц, даставілі з горадзенскай турмы ў шпіталь хуткай дапамогі Горадні ў непрытомным стане. Зрабілі тэрміновую апэрацыю. Падчас яе сэрца мастака спынілася. Галоўны лекар шпіталя хуткай дапамогі ў Горадні — Аляксандар Філіповіч.

11 ліпеня 2023 году — сваякам Алеся Пушкіна паведамілі з турмы пра сьмерць палітвязьня.

12 ліпеня 2023 году — правялі патолягаанатамічнае дасьледаваньне цела Алеся Пушкіна. У дакумэнтах пазначылі, што прычына сьмерці невядомая. Цела аддалі сваякам.

13 ліпеня 2023 — пахаваньне мастака на яго радзіме ў Бабры. Ад затрыманьня да сьмерці ў рэанімацыі Алесь Пушкін пражыў 833 дні.

Усе публікацыі пра Алеся Пушкіна:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG