Чытачы Свабоды прыслалі відэа, на якім відаць чарговыя рамонтныя работы на ганку Гомельскага аблвыканкаму:
«Гэты скандальны ганак рамантавалі ў 2015 годзе за вялізныя грошы. Зрабілі там падагрэў і падсьвечваньне. Цяпер зноў рамонт? За чые грошы банкет?» — запытаўся чытач Свабоды.
На сайце дзяржаўных закупак у траўні 2023 году быў абвешчаны тэндэр на рамонт ганку аблвыканкаму. З тэндэру вынікала, што на «дэмантаж і рамонт 142,5 кв. м гранітнай абліцоўкі» ганку патрэбна 105 тысяч рублёў (больш за 35 тысяч даляраў). На 11 ліпеня на сайце дзяржаўных закупак напісана, што тэндэр не адбыўся. Але рамонт ганку ідзе.
У 2015 годзе ганак аблвыканкаму ў Гомлі ўжо рамантавалі. Тады на гэта выдаткавалі 400 тысяч даляраў. Першапачатковы кошт рамонту ўказвалі ў эквіваленце мільёна даляраў. Гэта выклікала абурэньне ў грамадзкасьці і СМІ. У выніку рамонт каштаваў 400 тысяч. За гэтыя грошы «зьменшылі стромкасьць схілаў ганку шляхам пабудовы падпорных сьценак», пабудавалі сыстэму адвядзеньня дажджавой вады, зрабілі падагрэў і «ляндшафтнае падсьвечваньне». Падсьвяцілі ня толькі ганак, але і ялінкі каля яго. Сам ганак зрабілі гранітным.
Флягшток за паўмільёна даляраў стаў месцам ідэалягічнага культу
У 2020 годзе гомельскія чыноўнікі заявілі, што пабудуюць на плошчы Леніна мачту для сьцяга вышынёй 60 мэтраў за прыблізна 1,5 мільёна рублёў (на той момант гэта было каля паўмільёна даляраў). Грамадзкасьць абурылася. Пэтыцыю супраць будаўніцтва мачты падпісалі больш за 4,5 тысячы чалавек. У сакавіку 2020 году чыноўнікі адказалі на пэтыцыю: праект не падлягае грамадзкаму абмеркаваньню, у міністэрствах і ведамствах атрымалі неабходныя дазволы на будаўніцтва. Разам з тым у траўні будаўнічыя работы на пляцоўцы раптам спынілі. У аблвыканкаме заявілі, што мачты ня будзе.
Але ў чэрвені чыноўнікі зьмянілі думку: флягшток будзе пабудаваны. Яго ўрачыстае адкрыцьцё адбылося ў верасьні 2020 году. На мерапрыемстве тагачасны старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей гаварыў пра патрыётаў і «асобную аблудную частку насельніцтва, якая паслухмяна выконвае загады заходніх спэцслужбаў, якія ўклалі ў вусны малалетніх блогераў».
З той пары мачта стала месцам ідэалягічнага культу. Тут прымаюць у піянэры, БРСМ і прызначаюць ганаровых жыхароў Гомля, уручаюць розныя ўзнагароды, зьбіраюцца з нагоды дзяржаўных сьвят.
Прыбіральня за мільён
Яшчэ адзін скандальны аб’ект Гомля — прыбіральня каля ракі Сож за мільён даляраў. Што зь ёй цяпер?
«Яна не працуе, прынамсі ў гэтыя дні. Не працавала яна і ўвесну. Гэта дакладна. Можа быць, калі-нікалі яна і адчыняецца, але графік працы невядомы», — патлумачыў чытач Свабоды, які часта гуляе ў парку.
Грамадзкую прыбіральню ў Гомлі называлі «залатой», бо яна каштавала бюджэту прыкладна мільён даляраў. Самую дарагую ў Беларусі прыбіральню пачалі будаваць у чэрвені 2018 году, адкрылі ў канцы сэзону, акурат перад прыездам у Гомель на «Форум рэгіёнаў» Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны. Затым прыбіральню закрылі, «каб дабудаваць». Зноў адкрылі для наведнікаў у 2019 годзе.
Каля прыбіральні прыбудавалі ліфт для людзей зь фізычнымі асаблівасьцямі. Там у 2019 годзе захрас наведнік у вазку. Яго ратавалі супрацоўнікі МНС.