У Беларусі збудавалі абарончыя ўмацаваньні на мяжы з Украінай. Паказваем, як яны выглядаюць на спадарожнікавых здымках сэрвісу Planet Labs.
За 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 10 кілямэтраў ад Гомля каля вёскі Калініна зьявіліся вайсковыя абарончыя збудаваньні, якія ўключаюць у сябе лінію з супрацьтанкавымі «зубамі цмока». Падобную лінію ня так даўно зрабілі на акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама ў памежных рэгіёнах Расеі. Галоўная яе задача — замарудзіць ці накіраваць бранятэхніку праціўніка ў патрэбны раён, дзе яе зручней зьнішчаць.
Самі «зубы» — гэта квадратна-пірамідальныя канструкцыі з жалезабэтону. Відэа зь імі зьявілася ў гарадзкіх чатах.
Агульная даўжыня абарончай лініі складае каля двух кілямэтраў (400 мэтраў — заходняя частка, 1600 мэтраў — усходняя).
Дакладна мэта ўзьвядзеньня такіх умацаваньняў невядомая, але яны зьявіліся якраз перад пачаткам так званага збору «Вайсковая бясьпека і абарона Рэспублікі Беларусь» з удзелам міністра абароны Віктара Хрэніна разам з кіраўнікамі і вайсковымі камісарамі абласьцей у Гомлі. Адзін з пунктаў сустрэчы ўключаў у сябе агляд гэтых збудаваньняў пад вёскай Калініна.
Асобна хочацца зьвярнуць увагу, што большая частка акопаў — зусім побач з жылымі дамамі. Некаторыя зь іх выкапаныя менш як за 10 мэтраў ад платоў мясцовых жыхароў.
«Калі менскі рэжым назірае, што адбываецца ва Ўкраіне, як ваюе Расея, то, як і большасьць людзей, якія сур’ёзна назіраюць за сытуацыяй, яны разумеюць, што Расея ня можа выйграць вайну, — сказаў у інтэрвію Свабодзе вайскова-палітычны экспэрт Юры Фёдараў. — А як тэхнічна ўявіць сабе абарону рэжыму ў Беларусі, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны вырашаць перайсьці мяжу, каб гэты рэжым зьмяніць? Тады давядзецца перакідаць у Беларусь вялікую колькасьць войскаў, што будзе аслабляць расейскую армію на фронце ва Ўкраіне. У такім выпадку размова пойдзе не пра батальёны, а пра цэлыя брыгады. Ці пойдзе на гэта Крэмль, на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне выключна дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску».