Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17,5 тысячы кілямэтраў да дому. Як дзяўчына з Палесься апынулася ў Новай Зэляндыі і чаму яна там размаўляе на роднай гаворцы


Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота
Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота

«Хочацца быць бліжэй да сваёй краіны». Беларуска ў Новай Зэляндыі прасоўвае палескую гаворку.

Вольга Аполька паходзіць зь Янаўскага раёну, вучылася і працавала ў Менску. Цяпер яна жыве за 17,5 тысячы кілямэтраў ад роднай хаты. Пра жыцьцё за акіянам і папулярызацыю палескай гаворкі яна расказала блогу «Галасы». Радыё Свабода перадрукавала гэты тэкст.

«З мужам плянавалі пажыць у Беларусі»

Вольга нарадзілася і расла ў вёсцы Опаль Янаўскага раёну. Пасьля школы яна вучылася ў мэдычным унівэрсытэце ў Менску. Але ў мэдыцыне не працавала, «пайшла ў актывізм». Супрацоўнічала з рознымі НДА, пасьля перабралася ў IT-галіну. Падчас адпачынку ў Эўропе Вольга пазнаёмілася з новазэляндцам Эдвардам — ён туды прыехаў па працы:

«У нас пачаліся адносіны. Мы сустракаліся то ў Эўропе, то ў Беларусі. І надышоў час, што мы пабраліся шлюбам у Менску. Эдвард хацеў пажыць у Беларусі. Паглядзець, як тут што. Быў плян пажыць тут год і потым прымаць рашэньне пра далейшае жыцьцё. Ён прыехаў да мяне акурат за два тыдні да пачатку буйнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Муж ня вытрымаў бы такога ціску і атмасфэры. Бо ён чалавек вольнасьці. Так у нас адбылася Новая Зэляндыя, хоць мы не плянавалі туды пераяжджаць», — тлумачыць Вольга.

Новая Зэляндыя
Новая Зэляндыя

«Новазэляндцы ставяцца да сям’і як да вялікай каштоўнасьці»

Легалізацыя ў іншай частцы плянэты для Вольгі не была надта складанай. У Новай Зэляндыі існуе так званая «партнэрская віза». Яе могуць атрымаць ня толькі тыя, хто жыве ў афіцыйным шлюбе, але і пары, якія выбралі так званы грамадзянскі шлюб — калі падтрымліваюць стасункі ня менш за два гады. Вольга кажа, што даказаць гэта можна здымкамі і квіткамі з адпачынку, фатакарткамі ці перапіскай у інтэрнэце, сумеснай маёмасьцю. Спачатку Вольга атрымала кароткатэрміновую візу, затым — партнэрскую. У Новай Зэляндыі яна, як і раней, працуе ў IT-галіне, цяпер ужо на аўстралійскую кампанію:

«Тут абсалютна іншая культура. Не такая, як у Эўропе ці ЗША. Адметная. Гэта культура сямейных людзей. Яны ўсе свае адносіны будуюць вакол сям’і, разам адзначаюць усе сьвяты. Такога няма, што маладыя скажуць: „Мы з бацькамі ня будзем сьвяткаваць Новы год“. Могуць сьвяткаваць разам нешта на лецішчы два тыдні. І раз на тыдзень абавязкова сустрэнуцца на сямейным абедзе ці вячэры», — заўважае беларуска.

Краявіды Новай Зэляндыі
Краявіды Новай Зэляндыі

Мужавы бацькі паставіліся да яе добра. Вольга сьмяецца, што яны нават лепш ставяцца да яе, чым да сына:

«Яны перажываюць, што я далёка ад сваіх родных. Пытаюцца заўсёды, ці званіла я сваёй маці. Так, пра Беларусь тут мала раней ведалі. Але ў іх быў час пагугліць, пакуль мы дабіраліся», — кажа беларуска.

Яшчэ яна заўважыла, што ў Новай Зэляндыі шмат людзей зарабляюць неблагія грошы фэрмэрствам. «Вырошчваюць садавіну, гародніну, гадуюць жывёлу. Шмат людзей гэтым займаюцца і маюць добрыя прыбыткі, няблага жывуць. Пасьля Беларусі мне гэта надта кінулася ў вочы», — кажа Вольга.

«Да беларусаў новазэляндцы падобныя тым, што скардзяцца паміж сабой і рэдка ўзбунтуюцца»

У Новай Зэляндыі Вольга пакуль ня можа прызвычаіцца да цэнаў. «Яны такія, што могуць выклікаць ня самыя прыемныя пачуцьці. Гэта тычыцца і прадуктаў, і паходу ў тэатар, які можа каштаваць ад ста даляраў і вышэй. Натуральна, людзі тут зарабляюць больш, чым у Беларусі. Але я не магу сказаць, што яны адкладаюць нейкія грошы. Жывуць ад заробку да заробку і скардзяцца на ўлады, што гэта яны да такога давялі. Прычым у іх такая культура, каб скардзіцца паміж сабой, нешта падобнае да беларусаў. Вельмі рэдка яны ўзбунтуюцца і нешта некаму выкажуць. Бо яны так кажуць: «Калі нехта робіць ня так, як мне падабаецца, то, можа, ёсьць нейкая прычына для гэтага?» — тлумачыць Вольга.

У Новай Зэляндыі ёй не хапае беларускіх малочных прадуктаў. Кажа, што якасьць «проста непараўнальная», бо беларускія прадукты без дадаткаў. «Тут жа ў сьмятану дадаюць жэлятын. Зусім іншы смак. Няма такіх малых агуркоў, як у нас. Яны ўсе такія вялікія, як мы куплялі ўзімку ў Беларусі. Але ў астатнім, у прынцыпе, усё можна знайсьці ў крамах. Нават у краме побач з маім домам ёсьць селядзец „Санта Брэмар“. Бальзам на душу», — сьмяецца Вольга.

Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота
Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота

Многія новазэляндцы, па назіраньнях Вольгі, нічога ня ведаюць ці ня ведалі пра Беларусь. Але пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне даведаліся. Іх пытаньні да Вольгі — пра вайну. «Але многія і ня ведаюць, дзе тая Беларусь. Бо яны вельмі далёка ад усяго сьвету і маюць мала магчымасьцяў падарожнічаць», — кажа беларуска.

Яна тлумачыць, што ў Новай Зэляндыі купляць квіток на самалёт у Эўропу трэба загадзя, хоць бы за год. «Бо калі за карацейшы тэрмін, цэны будуць проста касьмічныя. Таму мясцовыя мала насамрэч падарожнічаюць. Тут варта ўсё загадзя плянаваць, нават паход у нейкі рэстаран, бо ня будзе месцаў», — кажа Вольга.

Яна заўважыла, што новазэляндцы падтрымліваюць Украіну. І калі едзеш па краіне, то можна ўбачыць украінскія сьцягі.

Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота
Вольга Аполька ў Новай Зэляндыі. Архіўнае фота

«Мы ўсе, беларусы, сумуем па Радзіме, і хочацца быць неяк бліжэй да яе»

У сваім блогу ў Instagram Вольга пачала праект папулярызацыі палескай гаворкі. Менавіта такой, якою размаўляюць у яе роднай вёсцы Опаль. Свой блог яна вядзе на дыялекце:

«Падпісчыкам расказваю ў розных формах пра цікавыя словы з палескай гаворкі, пішу пра розныя прыколы, запісвала відэа „Бульба-твэрк“, якое падхапілі мае падпісчыкі, пра нашу традыцыю капаньня бульбы. Гэта актывісцкае мінулае не давала мне спаць. І, думаю, многія беларусы мяне зразумеюць. Калі ты зьяжджаеш у іншую краіну, то табе трэба зразумець: хто ты цяпер, што ты цяпер робіш і наогул для чаго жывеш. Прычына і тое, што мы ўсе сумуем па Беларусі і хочам быць нейкім чынам бліжэй да яе», — заўважае беларуска.

Краявіды Новай Зэляндыі
Краявіды Новай Зэляндыі

Яна ўзгадвае, што калі паехала вучыцца ў горад, то два гады нікому не казала, што ў іхнай вёсцы свая гаворка:

«Наша культура прыгнечаная расейскаю. Калі будзеш гаварыць на сваёй гаворцы, то іншыя могуць палічыць цябе за „калгасьніцу“. Але ў Новай Зэляндыі я ўбачыла, як адраджэньне мовы можа быць модным, культурным, адукаваным. Таму я папулярызую палескі дыялект і хачу, каб ён быў модным сярод беларусаў. І каб не было ярлыку, што калі ты не размаўляеш на расейскай, то ты ня надта адукаваны», — кажа Вольга.

Прырода Новай Зэляндыі
Прырода Новай Зэляндыі

У яе «шмат думак і ідэй» пра разьвіцьцё свайго праекту. Вольга бачыць, што ён выклікае інтарэс у беларусаў, якія цяпер параскіданыя па сьвеце. «Мне некаторыя беларусы пісалі, што і ня ведалі, калі жылі ў Беларусі, што ёсьць такія гаворкі. У нас ня толькі літаратурная беларуская мова. Гэта ўсё больш складаная структура», — лічыць беларуска.

Цяпер Вольга піша кнігу на опальскай гаворцы. Пакуль ня хоча раскрываць, што там будзе, толькі кажа, што гэта пра «філязофію жыцьця і сьмерці ў палескіх вёсках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG